
На чым грунтуецца моц, трываласць і адзінства сям’і? Напэўна, у першую чаргу, на ўзаемных пачуццях і павазе, інтарэсах і ідэалах, адносінах да жыцця. Гэту ж выснову пацвердзілі сем’і Грыгаровічаў, Більдзюгаў і Тарбецкіх, якія прынялі ўдзел у раённым этапе абласнога агляду-конкурсу “Лепшая шматдзетная сям’я Віцебшчыны”, які прайшоў у пачатку красавіка на сцэне раённага Дома культуры.
Канкурсанты ўдзельнічалі ў трох выпрабаваннях: “Выстава-прэзентацыя”, “Наш радавод”, “Мая краіна — мая сям’я”. Першымі аб сваіх паўсядзённых занятках і інтарэсах расказалі ў песеннай форме Анатолій і Тэрэза Грыгаровічы разам з дзеткамі Станіславам, Іллёй і Мікітам. Яны прадэманстравалі свае кулінарныя здольнасці, мастацкія захапленні. Уразіла сваімі памерамі карціна, састаўленая з трох тысяч пазлаў, сабраная дзецьмі. Аб сваіх творчых захапленнях у вершаванай форме расказалі Герман і Ірына Тарбецкія. Дапамаглі ім у гэтым іх дзеці — Вераніка, Глорыя і Данііл. Цікавую выставу-прэзентацыю прадэманстравала сям’я Більдзюгаў — Юрыя і Алены з дзецьмі Андрэем, Марыяй, Антонам і Надзеяй.
У другім конкурсным заданні “Наш радавод” сем’і расказалі пра сваіх продкаў — прадзедаў, дзядоў, бацькоў, выкарыстоўваючы гістарычныя даведкі і мультымедыйную ўстаноўку. Прыемна ўразіла журы і гледачоў выступленне кожнага з ўдзельнікаў сем’яў-каманд у заключным конкурсе “Мая краіна — мая сям’я”. Тут дарослыя і дзеці танцавалі, спявалі песні, апрануўшыся ў беларускія нацыянальныя касцюмы. А вось Герман і Ірына Тарбецкія ў знак вялікай павагі і ўдзячнасці педагогам, якія выхоўваюць іх дзяцей, уручылі ім букеты жывых кветак.
Пасля непрацяглага абмеркавання выступлення каманд журы абвясціла вынікі конкурсу. Трэцяе месца з уручэннем дыплома і грашовай прэміі ў памеры дзесяці базавых велічынь заняла сям’я Тарбецкіх. Дыплома другой ступені і грашовай прэміі памерам пятнаццаць базавых велічынь удастоена сям’я Більдзюгаў. Пераможцам жа раённага этапа абласнога агляду-конкурсу “Лепшая шматдзетная сям’я Віцебшчыны” з уручэннем дыплома першай ступені і грашовай прэміі ў памеры дваццаці базавых велічынь прызнана сям’я Грыгаровічаў, якія і прадставяць наш раён на міжрэгіянальным паўфінале ў горадзе Паставы 24 красавіка.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара.












