Трэць стагоддзя вадзіцелем грузавога аўтамабіля працуе Павел Рэдзіка

Общество

Трэць стагоддзя ў Шаркаўшчынскім філіяле абласнога ўнітарнага прадпрыемства па забеспячэнні палівам «Віцебскаблпал» вадзіцелем грузавога аўтамабіля працуе Павел Рэдзіка.

Нарадзіўся мужчына на Браслаўшчыне. Калі хлопчыку было чатыры гады, бацькі пераехалі жыць і працаваць у наш раён. Пасля заканчэння сярэдняй школы № 1 Павел паступіў у Глыбоцкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча. Атрымаўшы прафесію, уладкаваўся на працу ў арганізацыю, дзе сумленна шчыруе ўжо 32 гады. Непрацяглы тэрмін Павел праходзіў службу ў арміі, а затым зноў вярнуўся ў прадпрыемства, з якога пачынаў.

— Развозіў дровы, торфабрыкет спачатку на трактары, — успамінае мужчына. — Потым даручылі грузавы аўтамабіль. У той час у арганізацыі былі чатыры трактары і чатыры самазвалы. За дзень ажыццяўлялі каля дзесяці рэйсаў кожны па дастаўцы паліва насельніцтву, дзяржаўным арганізацыям. Дзясяткі тысяч кіламетраў праехаў за гэты час па населеных пунктах нашага раёна.

За тры дзесяцігоддзі сумленнай працы Павел не мае заўваг за выкананне службовых абавязкаў. Неаднаразова ўзнагароджваўся граматамі раённага і абласнога ўзроўняў. А яшчэ ён сумленны сем’янін.

— Увесь наш невялікі калектыў лічыць Паўла першым сярод роўных, — кажа дырэктар арганізацыі Дзмітрый Ламака. — Ён — прыклад для іншых. Мае вялікі вопыт, прафесійныя навыкі, заўсёды прыйдзе на дапамогу таварышам.

Паслязаўтра Павел сустрэне сваё прафесійнае свята — Дзень работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці. Мужчына будзе прымаць віншаванні не толькі ад калег і сяброў, але і ад самых блізкіх і дарагіх сэрцу людзей — жонкі і дзяцей.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.