«Яшчэ не восень жыцця…» У гэтым упэўнены жанчыны, якія ўмеюць арганізаваць свой вольны час цікава і карысна

Общество

У гэтым упэўнены жанчыны, якія хоць і знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але ўмеюць арганізаваць свой вольны час цікава і карысна.

Ганна Хаданёнак пражывае ў вёсцы Прамяны Германавіцкага сельсавета. У маладосці скончыла Магілёўскае культурна-асветніцкае вучылішча і прысвяціла сваё жыццё сферы культуры. У пачатку 1960-х гадоў працавала на Міёршчыне, затым па сямейных абставінах змяніла месца жыхарства і пераехала ў Шаркаўшчыну. На малой радзіме жанчына з’яўлялася інспектарам аддзела культуры райвыканкама, а пазней працавала загадчыкам Сталіцкага сельскага клуба.

— У той час у вёсках было шматлюдна, — успамінае Ганна. — І моладзь, і людзі старэйшага пакалення наведвалі клубную ўстанову. Разам ладзілі канцэрты, выязныя выступленні ў навакольных вёсках і на палетках для аграрыяў.

Нягледзячы, што той перыяд жыцця застаўся толькі ва ўспамінах і на фотаздымках, мяне па-ранейшаму не забываюць людзі, з якімі працавала ў адной сферы, прыходзяць у госці, цікавяцца станам здароўя. Побач з маім домам пражывае сын Сяргей са сваёй сям’ёй. Таму сумна мне не бывае, заўсёды знаходжу занятак па душы.

Нядаўна жанчына адзначыла свой юбілей. Са знакавай датай імянінніцу павіншавалі намеснік старшыні райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Юрый Васілеўскі і старшыня раённага Савета ветэранаў Ірына Міхалёнак. Прадстаўнікі мясцовай ўлады ўручылі Ганне Хаданёнак Падзяку за подпісам кіраўніка раёна Сяргея Кашмілы, кветкі, выказалі словы віншаванняў і найлепшых пажаданняў.

Шаркаўчанка Гроня Раманоўская з’яўляецца равесніцай Вялікай Перамогі. Нарадзілася ў вёсцы Алашкі, у маленстве зведала горыч пасляваеннага аднаўлення родных мясцін, холад і голад, якія панавалі ў той час.

— Для нас, дзяцей пакалення другой паловы 1940-х гадоў, Слабадская школа, якая знаходзілася побач, з’яўлялася аазісам не толькі трывалых ведаў, але і таленавітых педагогаў, верных сяброў, — кажа жанчына. — Навучальная ўстанова дала мне пуцёўку ў шырокае самастойнае жыццё. У свой час я скончыла Віцебскі ветэрынарны інстытут. З 1969 года і да выхаду на заслужаны адпачынак працавала ветэрынарным урачом Шаркаўшчынскай райветстанцыі. Тут жа, у гарадскім пасёлку стварыла сям’ю, аб чым ніколі не пашкадавала. Азіраючыся на пройдзены час, упэўнена скажу, што пражытыя гады пакінулі добры ўспамін пра людзей, з якімі працавала, жыла і цяпер жыву ў згодзе. Упэўнена, наперадзе новыя світанкі новых шчаслівых дзён нашага мірнага і шчаслівага жыцця.

Па даручэнні старшыні райвыканкама Сяргея Кашмілы яго намеснік Юрый Васілеўскі і старшыня раённага Савета ветэранаў Ірына Міхалёнак уручылі Гроні Раманоўскай Падзяку кіраўніка раёна з нагоды юбілейнага дня нараджэння, пажадалі доўгіх і шчаслівых гадоў жыцця. Да віншаванняў далучыліся былыя калегі імянінніцы і прафсаюзны камітэт райветстанцыі, якія заўсёды віншуюць сваіх ветэранаў працы са знакавымі датамі.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.