Многія жыхары раёна на гэтым тыдні наведваюць магілы родных, каб прывесці ў парадак помнікі, агароджы, кветнікі.
- На тэрыторыі Станіславоўскага сельскага Савета размяшчаюцца 14 грамадзянскіх месцаў пахавання. Тэма добраўпарадкавання, утрымання могілак сапраўды мае асаблівае значэнне, — паведаміў старшыня Станіславоўскага сельскага выканаўчага камітэта Андрэй Федуковіч. — І гэта не толькі знешні выгляд тэрыторый, гэта свайго роду ілюстрацыя адказнасці, культуры людзей, іх адносін да памяці продкаў, якіх больш няма побач.
Грамадскія могілкі ў вёсцы Мішуты — адны з самых добраўпарадкаваных не толькі на тэрыторыі Станіславоўскага сельсавета, але і ўсяго раёна. Найлепшых слоў у свой адрас заслугоўваюць жыхары і ўраджэнцы вёсак Мішуты і Лабуці Ірына Мядзюха, Кацярына Руткоўская, Яніна Кукоўская, Павел Казлоўскі, Рыгор Вярцінскі, Марыя Казлоўская, некаторыя іншыя грамадзяне, якія вельмі шмат робіць для таго, каб тэрыторыя сельскага пагоста выглядала належным чынам. Не забываюць пра добраўпарадкаванне месцаў грамадзянскіх пахаванняў і ў іншых населеных пунктах. Вельмі ўдзячны ўсім за аказаную дапамогу і запрашаю мясцовае насельніцтва больш актыўна далучацца да добрых спраў, клапаціцца аб добраўпарадкаванні і захаванні святых і памятных месцаў, бо гэта патрэбна не памерлым — гэта патрэбна жывым.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.

