
Больш трыццаці гадоў жыцця аддаў працы на базе мінеральных удабрэнняў ААТ “Агратэхсэрвіс” Уладзімір Фёдаравіч Бяспальчык. З самага пачатку свайго прыходу на прадпрыемства ў 1982 годзе і да сённяшняга дня ён нязменна працуе грузчыкам. У абавязкі Уладзіміра Фёдаравіча ўваходзіць падрыхтоўка і разгрузка вагонаў ад мінеральных удабрэнняў і адпраўка іх для патрэб сельгаспрадпрыемстваў.
— За тры дзесяцігоддзі, у асноўным пры дапамозе шуфля і лапаты, разгрузіў не адзін дзясятак чыгуначных саставаў, — жартаўліва кажа Уладзімір Фёдаравіч. — Праца, самі разумееце, цяжкая, бо ўвесь час знаходзішся ў непасрэдным кантакце з ядахімікатамі. Але іншай я і не шукаў, добра там, дзе нас няма.
У красавіку нашаму суразмоўцу споўнілася пяцьдзясят пяць гадоў. Па ўстаноўленых заканадаўствам ільготах зараз ён паўнапраўны пенсіянер. Але, як мы даведаліся ад інжынера базы Анатолія Брылёва, не жадае Уладзімір Фёдаравіч адпраўляцца на заслужаны адпачынак, бо цвёрда ўпэўнены, што яшчэ можа прынесці карысць прадпрыемству, карысць вясковым хлебаробам.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара.
