
…Да разве об этом расскажешь –
В какие ты годы жила!
Какая безмерная тяжесть
На женские плечи легла!..
(Михаил Исаковский)
Семдзесят вёснаў праляцела, адшумела сваім лісцём над старым гарадзецкім паркам, дзе ў брацкай магіле пахавана мужная патрыётка шаркаўшчынскай зямлі Анастасія Бельская.
…Ішло лета 1943 года. Партызанскія атрады Полаччыны актывізавалі свае дзеянні на акупіраванай нямецка-фашысцкімі войскамі тэрыторыі, яны праводзілі ўдалыя баявыя аперацыі па разгрому варожых гарнізонаў. Адным з месцаў дыслакацыі гітлераўцаў быў будынак цяперашняй цэнтральнай сядзібы КУВСП “Гарадзец”. Партызаны планавалі знішчыць варожы гарнізон. Але найперш трэба было выявіць слабыя месцы ў ахове аб’екта. У разведку з Полацка-Лепельскай партызанскай зоны разам з двума байцамі пайшла і Насця Бельская. За гады знаходжання ў радах народных мсціўцаў дзяўчына не раз была ў самых рызыкоўных вылазках супраць фашыстаў, і ёй спадарожнічаў поспех. Але на гэты раз не пашанцавала: па дарозе ў Гарадзец Насця натыкнулася на нямецкую засаду. Пачалася перастрэлка, у ходзе яе разведчыца атрымала цяжкае раненне ў нагу. Сцякаючы крывёю, яна працягвала адстрэльвацца. Затым схапіла гранату, каб падарваць сябе і не здацца ў палон ворагу, але здзейсніць апошні свой крок не паспела: некалькі дужых немцаў схапілі яе…
Нарадзілася Анастасія Бельская ў вёсцы Арэхава, на Полаччыне, ў вялікай сялянскай сям’і. З дзяцінства была першай памочніцай маці па гаспадарцы, даглядала за малодшымі братам Косцем, сёстрамі Соняй і Варай. У школе, як і дома, Насця вызначалася выключнай працавітасцю, нястрымным жаданнем авалодаць ведамі. Закончыўшы сямігадовую школу, дзяўчына паступіла ў Полацкае педагагічнае вучылішча. Тут яна зноў паказала настойлівае імкненне авалодаць выбранай прафесіяй. На другім курсе ўсіх студэнтаў накіравалі ў ваенныя лагеры. Там яны вывучалі ваенную справу. Анастасія аказалася адным з лепшых стралкоў. У канцы чэрвеня 1940 года ў сувязі з тым, што на Полаччыне не хапала настаўнікаў пачатковых класаў, больш здольным студэнтам прапанавалі пайсці працаваць, а вучылішча скончыць завочна. Так Анастасія накіравалася настаўнічаць у вёску Звонь Ушацкага раёна. Але нядоўга цешылася мірнай стваральнай працай васемнаццацігадовая дзяўчына. Калі фашысты ўступілі на нашу зямлю, Анастасія не раздумваючы ўліваецца ў партызанскі атрад і становіцца разведчыцай.
За час знаходжання ў радах народных мсціўцаў яна здзейсніла нямала баявых подзвігаў, выканала дзясяткі важных заданняў. Вось адно з іх.
Аднойчы раніцою Анастасія Бельская, трымаючы ў сваіх руках невялікі чамаданчык, выйшла з ушацкіх лясоў. Прайшоўшы каля дваццаці кіламетраў, пачала адчувацца стомленасць, але разведчыца бадзёра ўсміхалася сустрэчным, уступала з імі ў размову. Канчатковым пунктам следавання быў горад Глыбокае. Ідучы па цэнтральнай вуліцы, яна заўважыла вялікі будынак, на якім развяваўся нямецкі сцяг. Пакрочыўшы да параднага ўваходу, Насця са спакойнай усмешкай працягнула пропуск вартавому. Атрымаўшы дазвол, хуценька прашмыгнула за дзверы. Пагаварыўшы з машыністкай па нейкаму пытанню, разведчыца праз некалькі хвілін выйшла з памяшкання, пакінуўшы ў ім свой чамаданчык, дзе ляжала міна замаруджанага дзеяння. У вызначаны час яна ўдала спрацавала: памяшканне Глыбоцкай нямецкай камендатуры ўзляцела ў паветра. На свой баявы рахунак Анастасія Бельская запісала яшчэ 12 гітлераўцаў. І такіх момантаў у яе было шмат. А вось каля Лужкоў, на жаль, адважнай разведчыцы не прыйшлося здзейсніць чарговы гераічны ўчынак.
…Яе даставілі ў нямецкі гарнізон у Гарадцы. Пад узмоцненай аховай два дні пратрымалі ў мясцовай бальніцы, а затым кінулі ў цагляны падвал будынка варожага гарнізона. Тут Анастасія сустрэла сваю сяброўку па педагагічнаму вучылішчу Анну Краснякову, якая была схоплена фашыстамі як сувязная партызан, і міжволі стала сведкай цяжкіх пакут, што выпалі на долю Анастасіі. Пасля вайны ў сваіх успамінах Анна Андрэеўна Краснякова, якой пашчасціла застацца ў жывых, прыгадвала аб апошніх днях жыцця сваёй сяброўкі:
— Насцю па дзесяць і больш разоў у суткі вадзілі на допыт. Вёў яго здраднік Радзімы Іван Вятвіцкі. На стале перад ім заўсёды ляжалі гумовая нагайка і пісталет. Побач стаяў графін з гарэлкай, якую Вятвіцкі піў амаль без перапынку, каб затым у п’яным чадзе здзеквацца над разведчыцай. Пасля допытаў яе, збітую да страты прытомнасці, кідалі зноў у падвал. Некалькі разоў вазілі ў Глыбокае, але дарэмна, фашысты так і не даведаліся ад яе ніякіх звестак.
У час, калі Бельская сядзела ў падвале нямецкага гарнізона ў Гарадцы, партызаны спрабавалі выратаваць сваю лепшую сяброўку-разведчыцу. Аднойчы яны прынадзілі фашыстаў у лес і навязалі ім бой. Дзясяткі забітых і параненых вывезлі карнікі з поля бою. Але поўнасцю разграміць гарнізон і вызваліць Насцю партызаны не змаглі.
Яе расстралялі 27 красавіка 1944 года. У цэнтры гарадзецкага парка гітлераўцы зранку сабралі ўсё насельніцтва вёскі на паказальнае пакаранне смерцю партызанскай разведчыцы. Канваіры вывелі Насцю з падвала і ўдарамі прыкладаў штурхалі да загадзя выкапанай ямы. Цяжка параненая, знявечаная катаваннямі, яна і зараз наводзіла жах на фашыстаў. Маладую дзяўчыну суправаджалі ажно дваццаць узброеных салдат. Мужная партызанка ішла ў апошні свой шлях з песняй, а смерць прыняла з горда ўзнятай галавой. Яе апошнія словы: “Страляйце, гады!” Усё роўна ўсіх не перастраляеце! За мяне вы дорага заплацілі!” — разнесліся па наваколлі і іх пачулі жыхары Гарадца і Лужкоў. Выстралы раптоўна абарвалі голас і жыццё адважнай разведчыцы…
Побач з адміністрацыйным будынкам сельгаспрадпрыемства знаходзіцца яе пахаванне. Тут, у гарадзецкай зямлі, разам з партызанскай разведчыцай знайшлі вечны спакой закатаваныя ў гады Вялікай Айчыннай вайны дзевяць палонных байцоў Чырвонай Арміі. Сюды часта прыходзяць вучні, настаўнікі, мясцовыя жыхары, каб ушанаваць памяць загінуўшых. А да падножжа абеліска кладуць букеты жывых кветак.
У аграгарадку Лужкі, непадалёку ад шумлівай ракі Мнюта, працягнулася вуліца, што носіць імя Бельскай. Настаўнікі і вучні мясцовай сярэдняй школы свята ўшаноўваюць імя партызанскай разведчыцы. Па шматгадовай традыцыі ў навучальнай установе 27 красавіка – у дзень гібелі Анастасіі Бельскай – праходзіць дзень яе памяці.

Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара.
