Раённы семінар спецыялістаў па рабоце з моладдзю

Актуальное

І. Іваноў узнагароджвае спецыяліста па рабоце з моладдзю ААТ “Буеўшчына” Б. Лонскага (справа)

У пачатку мая ў вялікай зале райвыканкама прайшоў семінар спецыялістаў па рабоце з моладдзю сельгаспрадпрыемстваў, устаноў, арганізацый гарадскога пасёлка і раёна па рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі за 2013 год. Пасля ўступнага слова намесніка начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ігара Іванова ўвазе прысутных дэманстраваліся слайд-фільмы аб працоўных буднях, святах, занятках і адпачынку моладзі ў калектывах. Усяго дзевятнаццаць відэапрэзентацый, з якіх восем прадставілі сельгаспрадпрыемствы, а адзінаццаць — установы і арганізацыі райцэнтра. З прагляду фільмаў адразу стала бачна, на якім узроўні знаходзіцца работа па рэалізацыі маладзёжнай палітыкі ў тым або іншым працоўным калектыве. Відэасюжэты большасці прэзентацый цалкам і поўнасцю адлюстроўвалі разнастайнасць, насычанасць і рознабаковасць мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне ўмоў працы і адпачынку моладзі. Слайд-фільмы некаторых арганізацый, што былі прадстаўлены ў выніковым семінары, не ў поўнай меры адпавядалі тым патрабаванням, якія павінны прымацца ў накірунку рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі на месцах.

Па агульнай суме набраных балаў трэцяе месца ў раённым конкурсе слайд-фільмаў сярод працоўных калектваў гарадскога пасёлка заняў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Другімі сталі камунальнікі. Перамогу ў гэтай катэгорыі заваявалі маладзёжныя лідары цэнтральнай раённай бальніцы. Сярод сельгаспрадпрыемстваў “бронзу” узяла адкрытае акцыянернае таварыства “Васюкі”. На другім радку выніковага пратакола апынулася ААТ “Буеўшчына”. Слайд-фільм па рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі за 2013 год, які прадставіла на конкурс ААТ “Княж”, быў прызнаны лепшым. Прызёры і пераможцы раённага конкурсу ўзнагароджаны дыпломамі і грашовымі прэміямі.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *