Пры кожным сельскім доме культуры або сельскім клубе працуюць калектывы мастацкай самадзейнасці, сярод іх ёсць больш адметныя, якія з’яўляюцца візітнымі карткамі ўстаноў.
У Радзюкоўскім СДК на працягу 28-мі гадоў музыку, песні і кулінарныя вырабы прыхільнікам сваёй творчасці дорыць народны клуб нацыянальнай кухні і фальклору «Груца». Гурт у сваім развіцці не спыняецца, з году ў год папаўняецца яго рэпертуар, прыходзяць новыя ўдзельнікі, моладзь.
На свой чарговы тэатралізаваны канцэрт самадзейныя артысты запрасілі ўсіх жадаючых. Па сцэнарыі ў госці да сталай вясковай пары прыйшлі жанчыны, каб пагутарыць пра жыццё, паслухаць апошнія навіны, пачаставацца смачнай выпечкай і, канечне ж, паспяваць.
За гаворкай абмяркоўвалі прыгатаваныя стравы, бо кожная гаспадыня прынесла з сабой уласны кулінарны шэдэўр. Былі тут груца і гарбузовая запяканка, ламанцы і тварожныя галушкі, раўгеня і кісель з журавін, шмат іншых прысмакаў. Частаванне з гутаркай аб надзённых справах чаргаваліся з песнямі і прыпеўкамі ў выкананні ўдзельнікаў «Груцы». Прысутныя ў зале гледачы таксама пускаліся ў скокі пад акампанемент баяна акампаніятара клуба Ганны Ермаковай. Уся глядзельная зала падпявала артыстам добра знаёмыя беларускія народныя песні. Яркім аздабленнем фальклорнага свята стала выступленне дзіцячага калектыву.
«Груца» не проста прадэманстравала стравы, зробленыя сваімі рукамі. Кожны мог паспрабаваць любы прысмак, каб ацаніць майстэрства радзюкоўскіх гаспадынь.
Наперадзе ў артыстаў новыя задумкі і планы. Няхай яны абавязкова ўвасобяцца ў жыццё.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
