Канферэнцыя “Прафілактыка злачынстваў і правапарушэнняў ва ўстановах адукацыі сярод вучняў”

Актуальное Молодежь

23 мая ў Шаркаўшчынскай СШ №1 прайшла канферэнцыя на тэму “Прафілактыка злачынстваў і правапарушэнняў ва ўстановах адукацыі сярод вучняў”, у якой прынялі ўдзел сацыяльныя педагогі, педагогі-псіхолагі і намеснікі дырэктараў па выхаваўчай рабоце ўстаноў адукацыі раёна. Таксама на сустрэчу былі запрошаны памочнік пракурора Шаркаўшчынскага раёна Аляксандр Паўлавіч Свяцкі, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Марына Пратасьеўна Фёдарава, спецыялісты аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Пра сітуацыю са злачыннасцю і правапарушэннямі сярод моладзі ў першым паўгоддзі 2014 года прысутным расказаў старшы ўчастковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх М. Я. Зубовіч. Мікалай Яўгеньевіч зазначыў, што хоць колькасць злачынстваў, здзейсненых непаўналетнімі, выпадкі ўжывання алкаголю ў параўнанні з ранейшымі часамі памяншаюцца, супакойвацца не трэба. Перад летнімі канікуламі педагогам трэба правесці прафілактычныя гутаркі са сваімі выхаванцамі, яшчэ раз нагадаць пра правы і абавязкі, пра адказнасць, якая чакае ў выпадку парушэння закона. Як паказвае статыстыка, пераважная колькасць злачынстваў здзяйсняецца навучэнцамі сярэдне-прафесійных навучальных устаноў (у 2013 годзе 4 з 5). Таму інспектар звярнуўся з просьбай адсочваць лёсы сваіх былых выхаванцаў. Як правіла, усе юныя правапарушальнікі з сем’яў, якія знаходзяцца ці знаходзіліся ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Адным з галоўных фактараў здзяйснення непаўналетнімі проціпраўных учынкаў з’яўляецца іх незанятасць. Таму ў час летніх канікул на школах ляжыць важны абавязак па занятасці вучняў: будуць арганізаваны летнія лагеры, наведвальнікі якіх змогуць з карысцю праводзіць свой час.

Прафілактыка ўжывання алкагольных напояў у маладзёжным асяродку стала тэмай выступлення псіхіятра-нарколага УАЗ “Шаркаўшчынская ЦРБ” Карыны Васільеўны Галай. Яна расказала пра работу, якая праводзіцца з тымі падлеткамі, якія знаходзяцца на ўліку ў нарколага (на дадзены момант 16 непаўналетніх), правяла аналіз прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць з’яўленню шкодных звычак. Вядома, што юнацтва — гэта той час, калі хочацца паспрабаваць усё, ад цыгарэт і алкаголю да наркотыкаў. Таму такія факты заўсёды былі і будуць. Але чым раней выпадкі ўжывання  будуць выяўлены, тым хутчэй будуць прыняты меры і большая гарантыя таго, што ўдасца пазбегнуць большых праблем.

Вопытам выхаваўчай работы ў сваіх навучальных установах падзяліліся намеснікі дырэктараў па выхаваўчай рабоце Таццяна Мікалаеўна Зубовіч (Шаркаўшчынская СШ №1), Іна Сямёнаўна Пучынская (Германавіцкая СШ), Ірына Рычардаўна Рымдзёнак (Велікасельская ДС-СШ), педагогі сацыяльныя Наталля Чаславаўна Фёдарава (Шаркаўшчынская СШ №2), Ніна Генадзьеўна Буда (Зоркаўская СШ), Таццяна Ананьеўна Эйтміновіч (Лужкаўская СШ), педагог-псіхолаг Шаркаўшчынскай СШ №2 Валянціна Алегаўна Рубацкая.

Падводзячы вынікі сустрэчы, прадстаўнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алеся Уладзіміраўна Грыдзюшка выказала спадзяванне, што гэта сустрэча была карыснай для педагогаў і яны выкарыстаюць пачутае ў сваёй рабоце.

Завяршыць жа наш матэрыял хочацца словамі з выступлення педагога Германавіцкай СШ Іны Сямёнаўны Пучынскай: “Калі падлетак здзяйсняе злачынства, то адказнасць нясуць усе — бацькі, школа, работнікі органаў правапарадку і сацыяльных устаноў. Выхаванне маладога чалавека — справа агульная і вельмі няпростая. Заўсёды вельмі балюча бачыць, калі ў юнага чалавека, перад якім адкрыта мноства дарог, узнікаюць праблемы з законам. І таму трэба прыкласці ўсе намаганні, каб нашы вучні выбіралі правільны шлях у сваім жыцці”.

Андрэй БУРЭЦ, фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *