Адпуст у гонар святога Андрэя Баболі ў Лучайскім касцёле

Актуальное

17 мая ў Лучайскім касцёле адбыўся адпуст у гонар святога Андрэя Баболі, апекуна парафіі святога Тадэвуша і, увогуле, усёй Беларусі. Пра гэту цікавую падзею нашым чытачам расказвае Лена Клімза-Колтан.

—Парафіян і гасцей свята гасцінна сустрэў касцёл, прыгожа ўбраны ў майскія кветкі. Цудоўныя кампазіцыі з бэзу, спірэі, цюльпанаў, нарцысаў упрыгожвалі галоўны і бакавыя алтары. Справа  знайшоў сваё пачэснае месца абраз Апекуна Беларусі, Апостала Палесся – святога пакутніка Андрэя Баболі. Перад ім і пачалася Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту.
Спачатку прагучалі разважанні на тэму «Святымі не нараджаюцца – святымі становяцца». Вернікі даведаліся пра тое, як змагаўся Андрэй Баболя з самім сабою. А цяжкасці, якія сустрэў святы на сваім шляху, сталі для яго прыступкай да мэты, вызначанай самім Богам. Далей святар прамовіў малітву за краіну. У цудоўным выкананні Андрэя Лугіна, саліста гурта «Laudans» прагучалі паэмы «Андрэй Баболя – мучанік беларускі» і «Мучанік за веру». Гэтыя біяграфічныя творы апісваюць апостальскі лёс і пакутніцкую смерць святога Апекуна Беларусі.
Пасля адбылася Святая Імша, адной з інтэнцый якой быў супакой душы для Ганны Дубовік у 20 гадавіну смерці. Гэта парафіянка для многіх была прыкладам нязломнай веры. У гады бязбожнага ліхалецця навучала дзетак катэхезе, падтрымлівала святароў, сасланых у Сібір. Пасля стала манахіняй і прыняла імя Міхаэля.
Святочную гамілію прамовіў пробашч з Мосара кс. Марат Казлоўскі. Называючы Андрэя Баболю «народным місіянерам, «апякуном адзінства», святар заклікаў вернікаў да любові, каб, нягледзячы на розныя рэлігіі людзі імкнуліся рабіць дабро і любіць бліжняга.
Цудоўным працягам святочнага набажэнства стала Літанія да святога, апекуна сённяшняга дня. А працэсія з Найсвяцейшым Сакрамантам закончыла Літургію. У Лучайскай святыні знаходзіцца рэліквіярый з часцінкай святога Андрэя Баболі. Усе жадаючыя маглі ўшанаваць апекуна парафіі, прыклаўшыся да рэліквіі.
Цудоўным і нечаканым сюрпрызам стала аб’ява ксяндза пробашча Мікалая Ліпскага пра пілігрымку «Па слядах святога Андрэя Баболі». Усе жадаючыя могуць прыняць удзел у малітоўнай вандроўцы ў Пінск, Лагішын, Янаў Палескі, Нясвіж ужо напрыканцы лета!

Традыцыйна заканчваюцца фэсты ў Лучаі заканчваюцца канцэртамі. На сёлетняе свята былі запрошаны ўжо вядомыя Лучаю выканаўцы: гурт «Laudans» з Мінску і самабытны музыкант з Шаркаўшчынскай парафіі Чэслаў Рачыцкі. Змяняючы адзін аднаго, музыкі выконвалі розныя кампазіцыі са свайго рэпертуару. Прыгадаць маладосць пад «Паненскі вальс», «Польку», «Факстрот» і іншыя творы ў выкананні спадара Чэслава давялося слухачам паважанага ўзросту. А вось выступленне саліста Андрэя Лугіна было разлічана на маладзейшую аўдыторыю. Нават атрымаўся імправізаваны выступ гурта «Laudans» з лучайскай і пастаўскай моладзю.

На заканчэнне свята ксёндз пробашч падзякаваў артыстам і ўсім прысутным за ўдзел і запрасіў на наступныя ўрачыстасці: Свята сем’яў 29 чэрвеня і парафіяльны адпуст святой Ганны 26 ліпеня.

Падрыхтаваў Андрэй БУРЭЦ.
Фота: Юзаф Цапелік



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *