Сёлетняй зімой выпала вялікая колькасць снегу, які з надыходам станоўчых тэмператур пакрысе тае. Існуе верагоднасць падтаплення пабудоў. Пра тое, што трэба зрабіць, каб наступствы паводкі былі мінімальнымі, расказвае намеснік начальніка Шаркаўшчынскага РАНС Яўген Катовіч:
— Зацікаўленыя службы і арганізацыі робяць усё, каб не дапусціць падтапленняў падчас паводкі і мінімізаваць яе наступствы. У райцэнтры месцы, дзе даволі высокая рызыка затаплення, вядомы ўсім. Гэта вуліцы Берагавога, Чырвоная Горка, Вадап’янава, Будзёнага, Дзяржынскага, Чэхава, завулак Народны.
Падраздзяленні Шаркаўшчынскага РАНС гатовы да любога варыянту развіцця сітуацыі. Падрыхтаваны спецтранспарт і сродкі, якія могуць спатрэбіцца. Сфарміравана брыгада з ліку работнікаў РАНС, трох дадатковых аўтацыстэрн, трох адзінак мотапомп і маторнай лодкі для магчымага выратавання грамадзян і маёмасці. Распрацаваны схемы эвакуацыі людзей.
Не лішнім будзе нагадаць асноўныя правілы, якія павінен ведаць кожны, чый дом знаходзіцца ў межах зоны магчымага падтаплення. Трэба адключыць ваду, газ, электрычнасць. Нельга паліць печы. Каштоўныя рэчы лепш пакласці вышэй — на паддашак або зрабіць падстаўкі на падлозе.
Рэкамендуецца зачыніць вокны і дзверы. Правераны спосаб не пусціць ваду за парог — выкапаць вакол дома канаўкі. Памятайце, што на працягу двух-трох тыдняў нельга піць сырую ваду з калодзежаў з-за магчымай наяўнасці ў ёй мікробаў.
Калі ўбачылі, што падчас паводкі вада падступае вельмі хутка, трэба перайсці ў небяспечнае месца, захапіўшы з сабой рэчы, патрэбныя для самаэвакуацыі. Затым трэба чакаць выратавальнікаў, падаючы ім сігналы.
Спадзяёмся, што мы, шаркаўчане, пераадолеем наступствы паводкі, а маёмасць застанецца не пашкоджанай прыроднай стыхіяй.
Падрыхтаваў Сяргей РАЙЧОНАК.

