13 чэрвеня ў раённым Доме культуры прайшло святочнае мерапрыемства, прысвечанае Дню медыцынскага работніка. Вясёлымі мелодыямі распачалі сустрэчу музыканты ансамбля Дзіцячай школы мастацтваў. Са словамі віншавання звярнуўся да прысутных у зале медыцынскіх работнікаў гарадскога пасёлка і раёна старшыня райвыканкама Мікалай Ірынархавіч Баговіч.
—Ваш прафесіяналізм і чалавечыя якасці заслугоўваюць павагі і захаплення, — зазначыў ён. — Для медыкаў уласцівы асаблівы тып мыслення, душэўнай арганізацыі, бо вы працуеце з найважнейшай каштоўнасцю ў нашым жыцці — здароўем чалавека. Цяпер пры лячэнні выкарыстоўваюцца навейшыя тэхналогіі, і гэта добра. Але вельмі важнымі для пацыента заўсёды будуць вашы душэўная цеплыня і ўвага. Шчыра віншую вас і жадаю шчасця, дабрабыту, а таксама, каб вы, турбуючыся пра чужое здароўе не забываліся пра сваё, і каб зробленыя вамі добрыя справы вярталіся да вас стакратна.
Старшыня райвыканкама выканаў прыемны абавязак, адзначыўшы ўзнагародамі медыцынскіх работнікаў, а таксама ўручыў галоўнаму ўрачу УАЗ “Шаркаўшчынская ЦРБ” Станіславу Тадэвушавічу Стоме Грамату прэзідыума рэспубліканскага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аховы здароўя.
Андрэй БУРЭЦ, фота аўтара.















