З 2 па 21 чэрвеня на базе Шаркаўшчынскага цэнтра дзяцей і моладзі дзейнічае дзіцячы лагер грамадска-патрыятычнага накірунку “Летняя вясёлка”. Наведваюць яго дзеці ад 6 да 14 гадоў з Шаркаўшчынскіх СШ №1 і 2. Дзеці падзелены на 3 атрады па 25 чалавек кожны: “Зорачка” (СШ №1), “Сонейка” (СШ №2) і “Вясёлка” (выхаванцы цэнтра дзяцей і моладзі). Пра работу лагера расказвае яго начальнік Наталля Сямёнаўна Шакялеўская.
—Мы падрыхтавалі для наведвальнікаў нашага лагера цікавую і разнастайную праграму, якая падзелена на тры тэматычныя тыдні: творчай самарэалізацыі, спорту і здароўя і грамадзянска-патрыятычны. Таксама кожны дзень ў кожным атрадзе прысвячаецца пэўнай тэматыцы: напрыклад, дзень экалагічнай культуры, казак, дабрыні, футбола, турызму, смеху, памяці, роднага горада, рамёстваў і іншае. Акрамя гэтага мы хадзілі на экскурсіі ў бібліятэку, РАУС, да нас прыязджалі госці з РАНС. Некалькі разоў наведвалі наш кінатэатр, дзе нам паказалі новыя беларускія фільмы, якія дзецям вельмі спадабаліся. Таксама ходзім купацца на рэчку, вучымся ўстанаўліваць палаткі. З дзецьмі працуюць педагогі са школ гарадскога пасёлка і нашага цэнтра. Усе яны ўмеюць адшукаць падыход да дзяцей, зацікавіць іх. Напэўна, таму час у нашым лагеры пралятае непрыкметна. А некаторыя дзеці нават не жадаюць сыходзіць, калі ў 14 гадзін заканчваецца наша праца.
Андрэй БУРЭЦ, фота аўтара.






