
На базе культурна-асветніцкага цэнтра імя Язэпа Драздовіча ў Германавічах праходзіла навукова-практычная краязнаўчая канферэнцыя, прысвечаная паўстанню Кастуся Каліноўскага ў 1863 годзе.
Канферэнцыя праводзілася пад кіраўніцтвам Антона Астаповіча, старшыні ГА “Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры”.
У рабоце форума прымалі ўдзел М. Паўловіч — краязнаўца з Даўгаўпілса (Латвія), В. Ермалёнак — знакаміты краязнаўца, настаўнік з Міёр, В. Шушко — супрацоўнік краязнаўчага музея ў Паставах, Г. Базарэвіч — супрацоўнік Браслаўскага музейнага аб’яднання, М. Гіль — краязнаўца з Пастаў, З. Лупач — журналіст з Глыбокага, Р. Шарыпкін — настаўнік Залескай БШ Глыбоцкага раёна, В. Бунта — настаўнік з Браслава, А. Райчонак — кіраўнік культурна-асветніцкага цэнтра імя Язэпа Драздовіча. Усе яны — аматары-краязнаўцы, якіх хвалююць праблемы захавання нашай спадчыны, помнікаў гісторыі і культуры. Прыгадалі вядомых дзеячоў ранейшых часоў, герояў-паўстанцаў 1863-64 гадоў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, спыніліся на праблемах захавання матэрыяльных аб’ектаў, звязаных з паўстаннем. Узнімалася пытанне аднаўлення Лужкаўскай сінагогі.
У завяршэнні канферэнцыі вядомыя барды з Мінска Таццяна Беланогая і Зміцер Бартосік праспявалі шэраг песень на словы вядомых беларускіх паэтаў, а таксама рускіх, якія пераклаў на беларускую мову Рыгор Барадулін.
Культурна-асветніцкаму цэнтру былі падораны цікавыя кнігі на краязнаўчую тэматыку, барды пакінулі дыскі сваіх песень.
Кацярына СОСНА.

