

Паўтысячагоддзя стаіць на стромкіх берагах маляўнічай ракі Мнюты, адзетай у зеляніну схіліўшыхся над вадою дрэў, аграгарадок з мілагучнай назвай Лужкі. Гэты населены пункт за сваю шматвекавую гісторыю зведаў войны і напады чужаземных захопнікаў, сялянскія паўстанні і вызваленчую барацьбу з ворагам, заняпад і сацыяльна-культурны ўздым. Велічныя рэлігійныя храмы, палац і шматлікія сядзібы, сцены якіх і зараз дыхаюць мінулым, калі б умелі, напэўна, расказалі б нам аб тых часах, калі па тутэйшых вуліцах праязджалі панскія фурманкі, а гандляры-яўрэі рэалізоўвалі ў мясцовых крамах адмысловы тавар – шыкоўнае адзенне, посуд, духмяны хлеб, марожанае, і іншыя прысмакі.


У нядзелю, 27 ліпеня, у Лужках адбыліся ўрачыстыя мерапрыемствы знагоды 500-годдзя гэтага населенага пункта. Пачаткам святкавання сталі прайшоўшыя богаслужэнні ў царкве Раства Багародзіцы, касцёле святога Міхаіла Арханёла і хрэсны ход вернікаў ад рэлігійных храмаў да брацкай магілы савецкіх воінаў у цэнтральным скверы аграгарадка. Сабраўшыеся ўсклалі кветкі і вянкі да помніка загінуўшым, хвілінай маўчання ўшанавалі светлую памяць аб тых, земляках, якія не вярнуліся з палёў Вялікай Айчыннай вайны. Затым прадстаўнікі працоўных калектываў устаноў і арганізацый аграгарадка, а таксама моладзь рачыстым шэсцем рушылі па цэнтральнай вуліцы да амфітэатра, дзе ў чатырнаццаць гадзін пачалася тэатралізаваная канцэртная праграма.
Са словамі віншавання да ўсіх прысутных жыхароў аграгарадка звярнуўся кіраўнік раёна М. І. Баговіч. Мікалай Ірынархавіч уручыў Падзякі старшыні райвыканкама за добрасумленную шматгадовую працу былому настаўніку Лужкаўскай СШ Леангіне Нарбертаўне Урублеўскай, медыцынскай сястры мясцовай бальніцы сястрынскага догляду Лёлі Антонаўне Грыцкевіч і былому брыгадзіру КУВСП “Гарадзец” Ларысе Іосіфаўне Шпіронак. Падарункі і кветкі ўручылі таксама жыхарам Лужкоў, якія сваёй шчырай і руплівай працай зрабілі важкі ўклад у развіццё аграгарадка. Гэта Тамара Рыгораўна Гамановіч, Вікенцій Іосіфаваіч Ярахновіч, Міледзій Антонавіч Андзілеўка, Яўгеній Лявонцьевіч Канановіч, Марыя Іванаўна Асіпёнак, Ігар Аркадзьевіч Садоўскі, Раіса Васільеўна Каржэцкая, Галіна Ігнацьеўна Ломыш, Тамара Ціханаўна Захарэвіч, Людміла Іванаўна Сядлоўская, Алена Пятроўна Нарэйка, Надзея Іосіфаўна Маркевіч, Таццяна Фёдараўна Крыўка, Марыя Іосіфаўна Беззубёнак, Альберт Іванавіч Рупшын.




Жыхароў і гасцей аграгарадка, удзельнікаў урачыстасці ад імя Лужкаўскага сельскага выканаўчага камітэта павіншавала яго старшыня Т. М. Краснадубская. Першыя падарункі ў сваім жыцці атрымалі і самыя маленькія жыхары аграгарадка – Данііл Папковіч і Арсеній Буцько. Брыльянтавае вяселле сёлета адзначылі Вікенцій Іосіфавіч і Анастасія Іванаўна Ярахновічы, Альберт Іванаваіч Рупшын і Анісія Фёдараўна Іваньковіч. А адметную дату — пяцьдзесят пяць год сумеснага жыцця, сустрэлі Міхаіл Іванавіч і Ніна Іванаўна Савіцкія. Іх таксама не абыйшлі ўвагай і павіншавалі з юбілеем сумеснага жыцця.




Лужкі вельмі прывабны населены пункт. Асабліва прыгожы ён, канечне ж, летам, калі сядзібы вяскоўцаў патанаюць у рознакаляровых фарбах кветнікаў. Памятныя падарункі і шыльды “Дом узорнага парадку і быту” кіруючый справамі сельвыканкама Зоя Васільеўна Маліноўская ўручыла гаспадарам сядзіб Віктара і Нталлі Рамашка, а таксама Пятру Вікенцьевічу і Ніне Іосіфаўне Катушонак.
Напярэдадні святкавання сельвыканкамам была праведзена акцыя, у ходзе якой калектывы арганізацый і ўстаноў населенага пункта падрыхтавалі шматлікія падарункі для аграгарадка – абноўленыя таратуары вуліц, альтанкі, малыя архтэктурныя кампазіцыі.
Вядома, што будучыню ствараюць маладыя. Юнакі і дзяўчаты, якія закончылі сёлета Лужкаўскую сярэднюю школу, і маленькія дзеці, хто першага верасня ўпершыню сядзе за вучнёўскія парты, пад гукі школьнага вальса выйшлі на сцэну разам з дырэктарам навучальнай установы Ларысай Віктараўнай Гаранінай. Яны ўрычылі на захоўванне старшыні сельвыканкама пасланне нашчадкам, якое роўна праз пяцьдзесят год прачытаюць будучыя жыхары Лужкоў. Дырэктар школы ў якасці талісмана-абярэга прыпаднесла ў дар старшыні райвыканкама М. І. Баговічу статуэтку анёла-ахоўніка шаркаўшчынскага краю.
Падчас святкавання побач з канцэртнай пляцоўкай працавалі гандлёвыя рады раённага спражывецкага таварыства, дзе рэалізоўвалася харчовая прадукцыя. Гасцінна запрашаў да сябе “Лужкаўскі падворак”, прапануючы гасцям і ўдзельнікам свята разнастайныя ласункі і прысмакі.
Маленькія дзеткі з вялікай радасцю і ахвотай забаўляліся на паветраных атракцыёнах . А раённы цэнтр рамёстваў і Дом ганчара прапаноўваў шырокі выбар разнастайных падарункаў ад шаркаўшчынскіх майстроў.
Яркую адметнасць святу прыдала гісторыка-тэатралізаваная пастановачная дзея, распрацаваная мастацкім кіраўніком Лужкаўскага СДК Ірынай Буднік з дапамогай спецыялістаў устаноў кальтуры аграгарадка і непасрэдным удзеле студэнткі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Яны Буднік, сцэнарную распрацоўку якога будучы рэжысёр абрала ў якасці дыпломнага пректа. Свята-юбілей доўжылася да змяркання, пакінула вельмі шмат прыемных успамінаў і цёплых, радасных, сяброўскіх сустрэч.

Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара.
