
У цэнтральнай раённай бальніцы больш года працуе бібліятэчны пункт. Свае дзверы для наведвальнікаў ён адкрывае двойчы на тыдзень – у аўторак і чацвер з 11 да 13 гадзін. Медыцынскі персанал, а таксама пацыенты лячэбнай установы з’яўляюцца актыўнымі чытачамі, цікавяцца разнажанравай літаратурай, якую прапануюць ім работнікі раённай бібліятэкі. Перыядычныя выданні, мастацкія і іншыя творы могуць атрымаць і нават тыя хворыя, хто не ў стане перамяшчацца па бальнічных калідорах. Такім пацыентам газеты, кнігі і часопісы прыносяць непасрэдна ў палату.
31 ліпеня работнікі цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы прымалі ўдзел у акцыі “Увага: узрост!”, ініцыятарам правядзення якой выступіў раённы аддзел унутраных спраў. Пажылым пацыентам, якія знаходзяцца на стацыянарным лячэнні ў раённай бальніцы, раздавалі буклеты з правіламі асабістай і маёмаснай бяспекі грамадзян. Давалі рэкамендацыі, як не стаць ахвярамі кватэрных крадзяжоў і ашуканства з боку махляроў. Тлумачылі, як трэба сябе паводзіць у складаных жыццёвых сітуацыях з незнаёмымі людзьмі.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара.
