У суботу 2 жніўня ў гарадскім пасёлку прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню дэсантнікаў і сіл спецыяльных аперацый. У скверы ДРБУ-131 каля памятнага знака сабраліся тыя, каму выпаў гонар праходзіць службу ў паветрана-дэсантных войсках, і воіны-афганцы. Старшыня райвыканкама Мікалай Ірынархавіч Баговіч, звяртаючыся да прысутных адназначыў, што гэта невыпадкова, бо менавіта дэсантнікі былі адной з галоўных сіл у баявых дзеяннях у Афганістане. Беларуская дзяржава памятае пра тых, хто выконваў у няпростых умовах свой воінскі абавязак, як доказ гэтаму і дадзенае мерапрыемства. Мікалай Ірынархавіч выканаў прыемную місію і разам з ваенным камісарам Шаркаўшчынскага райваенкамата Андрэем Вітольдавічам Дубовікам уручыў воінам-афганцам памятныя медалі да 25-годдзя вываду савецкіх войск з Афганістана. Для ўдзельнікаў мерапрыемства прагучала некалькі песен ваеннай тэматыкі, у тым ліку і ў выкананні воіна-афганца Васілія Протаса. Памяць тых, хто загінуў у ваенных дзеяннях у Афганістане, была ўшанавана хвілінай маўчання. Сімвалічнае значэнне мела сцэна, калі шаркаўчане выпусцілі ў неба белых галубоў, што абазначае мірныя намеры беларускага народа.
Андрэй БУРЭЦ, фота аўтара.
[nggallery id=57]

