Ствараць дабрабыт жыхарам раёна. Інтэрв’ю з дырэктарам дзяржаўнага прадпрыемства «Упраўленне капітальнага будаўніцтва Шаркаўшчынскага раёна» Сяргеем Каштальянам

Актуальное

Дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства “Упраўленне капітальнага будаўніцтва Шаркаўшчынскага раёна” С. Каштальян

У другую нядзелю жніўня сваё свята адзначаюць будаўнікі — прадстаўнікі адной з самых мірных і стваральных прафесій. Ад іх залежыць не толькі якасць і трываласць узведзеных жылых і вытворчых пабудоў, але і ўтульнасць, камфортнасць знаходжання ў гэтых памяшканнях. Будаўнікі сваёй руплівай працай ствараюць дабрабыт жыхарам нашага раёна. Апошнім часам значна памаладзеў і папрыгажэў наш гарадскі пасёлак. Узведзены новая раённая бальніца, тры шматкватэрныя дамы па вуліцы М. Горкага, добраўпарадкавана тэрыторыя каля іх. У аграгарадках і на цэнтральных сядзібах сельгаспрадпрыемстваў выраслі цэлыя вуліцы з новых сучасных катэджаў для вяскоўцаў.

Напярэдадні прафесійнага свята аб стане спраў у будаўнічай галіне раёна мы пагутарылі з дырэктарам дзяржаўнага прадпрыемства “Упраўленне капітальнага будаўніцтва Шаркаўшчынскага раёна” Сяргеем Савічам Каштальянам.

— Сяргей Савіч, раскажыце, калі ласка, ці плануецца ў бліжэйшы час у гарадскім пасёлку або ў сельскай мясцовасці будаўніцтва жылля ці вытворчых аб’ектаў?

— У канцы жніўня ў раённым цэнтры па вуліцы Юбілейнай пачнуцца работы па ўзвядзенню жылога дома для сям’і, дзе выхоўваюцца дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без бацькоўскай апекі. Для гэтага выдзелены гаршовыя сродкі з рэспубліканскага (1 мільярд 110 мільёнаў рублёў) і абласнога (950 мільёнаў рублёў) бюджэтаў. Плануецца, што ўжо ў лістападзе дом прыме сваіх жыхароў. За сродкі чэшскіх інвестараў  будуць узведзены два прадпрыемствы па перапрацоўцы торфу і вырабу з яго паліўных пілет на тарфяным месцараджэнні Скураты. На дадзены момант там ідуць геолага-разведвальныя работы, праходзіць экспертызу праект будоўлі.

— Ці выдзяляюцца зямельныя ўчасткі грамадзянам пад прыватную будоўлю?

— Безумоўна. Наша ўпраўленне выступае ў якасці заказчыка па аб’екту “Інжынерныя сеткі па вуліцы Юбілейнай г. п. Шаркаўшчына”. Тут, на паўднёвым ускрайку райцэнтра, грамадзяне пасля афармлення адпаведных дакументаў могуць атрымаць зямельны ўчастак пад будаўніцтва жылля. На будаўніцтва інжынерных сетак (дарога, вадаправод, газаправод і электраснабжэнне) выдаткавана з рэспубліканскага бюджэту 430 мільёнаў рублёў, з абласнога 342 мільёны і з раённага бюджэту 327, 9 мільёнаў рублёў грашовых сродкаў.

— Дзякуючы праграме адраджэння і развіцця сяла ў вёсках і аграгарадках пабудаваны дзясяткі новых дамоў катэджнага тыпу. А ці вядзецца іх будаўніцтва на дадзены момант?

— У вёсцы Пашкі ў мінулым годзе здадзены ў эксплуатацыю тры аднакватэрныя дамы, закладзены фундамент пад чацвёрты катэдж. Усяго тут будзе пабудавана адзінаццаць аднакватэрных дамоў. З рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў выдзелена па 250 мільёнаў рублёў на добраўпарадкаванне прылеглых тэрыторый і будаўніцтва інжынерных сетак – з’ездаў, тратуараў, дарогі і двух пажарных вадаёмаў.

— Сяргей Савіч, што тычыцца рамонту жылога фонду і іншых аб’ектаў, як ідуць справы ў дадзеным накірунку?

— Нядаўна пачаўся капітальны рамонт з мадэрнізацыяй жылога дома № 70 па вуліцы Чырванадворскай у гарпасёлку. Заменены кроквы, дах, усталявана новае ўцяпленне. У мінулым годзе пачаўся капітальны рамонт Шаркаўшынскай сярэдняй школы № 1. Часткова заменены дах і аконныя блокі. Сёлета таксама выдзелена пэўная сума грашовых сродкаў для далейшага правядзення капрамонту навучальнай установы.

— Жыхароў гарадскога пасёлка вельмі хвалюе пытанне стану вуліц райцэнтра, асабліва тых, дзе праведзена замена водаправодных труб. Ці плануецца рамонт асфальтавага пакрыцця на іх?

— Да канца бягучага года гарадскія вуліцы, пакрыццё якіх было пашкоджана з-за правядзення работ па водазабеспячэнню будуць адрамантаваны з поўнай або частковай заменай асфальтавага пакрыцця.

— Зноў вернемся да пытання будаўніцтва ў сельскай мясцовасці. Як вядома, здадзены ў эксплуатацыю і працуюць малочнатаварныя комплексы ў Більдзюгах, Пашках, Варонцы. Якія яшчэ МТФ знаходзяцца ў стадыі будоўлі?

— Гаспадарчам спосабам ідзе ўзвядзенне малочнатаварных ферм у вёсцы Каралева (ААТ “Княж”), у Каўшэлеве (ААТ “Жвіранка”), у Зорцы (ААТ “Ельня-Агра”), у Лонскіх (ААТ “Юдыцына”) і ў вёсцы Ручай (ААТ “Агратэхсэрвіс”). На вышэйпералічаных аб’ектах будаўнічыя работы знаходзяцца ў розных стадыях, усё залежыць ад фінансавага становішча сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

— Сяргей Савіч, што вы асабіста пажадаеце спецыялістам, рабочым будаўнічых арганізацый і ўсім, хто свой лёс звязаў з гэтай стваральнай прафесіяй напярэдадні іх прафесійнага свята?

— Канечне ж, у першую чаргу, я жадаю здароўя, аптымізму і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Дабрабыту ў сем’ях і сяброўскай атмасферы ў працоўным калектыве!

— Вялікі дзякуй за размову! З надыходзячым святам!

Вядучы інжынер В. Іванова
Галоўны бухгалтар Я. Латышонак

Гутарыў Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *