27 жніўня прайшоў традыцыйны раённы педагагічны форум (+ фота)

Актуальное

Генадзій Данілавіч Рудзёнак віншуе настаўніцу Германавіцкай СШ Марыну Аляксандраўну Фёдараву

Адшумела зялёным лісцём цёплае лета — пара канікулаў, адпачынку і падарожжаў. Праз два дні школы гасцінна расчыняць свае дзверы для вучняў і настаўнікаў. Пачнецца новы навучальны год у агульнаадукацыйных установах нашага раёна. А перад гэтай падзеяй, 27 жніўня, у раённым Цэнтры культуры адбыўся штогадовы традыцыйны педагагічны форум.

На жнівеньскай нарадзе настаўнікаў Шаркаўшчынскага раёна падвялі вынікі прайшоўшага навучальнага года, акрэслілі перспектывы і планы развіцця галіны адукацыі на наступны 2014-2015 вучэбны год. Гэта стала асноўнай тэмай дакладу начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама М. М. Рубацкага. Мікалай Мікалаевіч агучыў асноўныя накірункі і паказчыкі работы ўстаноў адукацыі раёна. Правёў аналіз эфектыўнасці выкарыстання сучасных форм і метадаў у выхаваўчым працэсе. У раёне ў новым навучальным годзе будуць працаваць 10 дашкольных устаноў (517 дзяцей), 4 пачатковыя, 6 базавых і 7 сярэдніх школ (1720 вучняў). Выхаваўчы працэс будуць забяспечваць 414 педагагічных работнікаў. З першага верасня Лонская дзіцячы сад-базавая школа рэарганізуецца ў дзіцячы сад-пачатковую школу, Зоркаўская СШ — у базавую школу, будзе закрыта Шкунцікаўская БШ. Для падвозу вучняў з аддаленых вёсак маецца ў наяўнасці сем школьных аўтобусаў. Дарэчы, сёлета аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама набудзе яшчэ два новыя.

Сёлета наш раён, як паведаміў Мікалай Мікалаевіч, па сярэднім бале цэнтралізаванага тэсціравання сярод выпускнікоў па прадметах заняў восьмую пазіцыю сярод дваццаці пяці раёнаў Віцебскай вобласці. Такі высокі паказчык гаворыць аб тым, што шаркаўшчынскія вопытныя і прафесіянальныя педагогі ўкладваюць у вучняў грунтоўныя веды, самааддана працуюць на ніве адукацыі і выхавання. У сваёй прамове начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама зрабіў акцэнт на мерапрыемствах, якія праводзяцца ў рамках Дэкрэта № 18, бо яны з’яўляюцца неад’емным элементам агульнай работы ў справе навучання і выхавання дзяцей і падлеткаў.

Затым асноўнымі накірункамі і спецыфікай работы ўстаноў адукацыі ў сваіх дакладах падзяліліся з прысутнымі калегамі дырэктар Більдзюжскай СШ Ала Якімчык, загадчык ясляў-сада № 4 гарадскога пасёлка Наталля Дабравіцкая, настаўнік матэматыкі Лужкаўскай СШ Зоя Крыўко, дырэктар Каўшэлеўскай базавай школы Алена Чарняўская, дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Аляксей Курачонак і настаўніца біялогіі СШ № 2 райцэнтра Аксана Пачапко.

Старшыня райвыканкама М. І. Баговіч у сваёй прамове, звяртаючыся да педагогаў, падкрэсліў, што менавіта ў школе закладваецца трывалы падмурак грамадства, ад якога ў поўнай меры залежыць будучае нашай краіны. А дасягненні вучняў і настаўнікаў Шаркаўшчынскага раёна выклікаюць пачуццё вялікага гонару за прадстаўнікоў падрастаючага пакалення.

На ўрачыстасці прысутнічаў намеснік старшыні Віцебскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Г. Д. Рудзёнак. Ён азнаёміў прысутных з асноўнымі праблемамі і задачамі ў галіне адукацыі краіны і вобласці. З асаблівай цеплынёй Генадзій Данілавіч адгукнуўся аб зробленай станоўчай рабоце педагогаў Шаркаўшчынскага раёна, павіншаваў усіх калег з пачаткам новага навучальнага года.

Несумненна, самым прыемным момантам свята стала ўзнагароджванне лепшых педагогаў раёна. Граматы, дыпломы, падзякі і каштоўныя падарункі ўручылі М. І. Баговіч, Г. Д. Рудзёнак і М. М. Рубацкі. Нагрудны Знак “Выдатнік народнай асветы” уручаны дырэктару СШ № 2 гарадскога пасёлка А. І. Сікора.

Сёлета дзесяць маладых спецыялістаў атрымалі размеркаванне на першае месца працы ў навучальныя ўстановы раёна. Гэта Юлія Тарарака, Марына Курачкіна, Таццяна Туронак, Анастасія Шыман, Вольга Бездзель, Валянціна Шадрына, Юлія Сайкоўская, Элона Лаўрыновіч, Міхаіл Летахіцкі і Алена Курыловіч. У час святочнай урачыстасці калектыў Лужкаўскай сярэдняй школы павіншаваў маладых людзей з пачаткам іх прафесійнай дзейнасці, уручыў ім імправізаваныя сертыфікаты па доступе да педагагічнай працы. Да віншаванняў маладым спецыялістам далучылася і дырэктар Полацкага каледжа ВДУ імя Машэрава Таццяна Полушкіна, голас якой гучаў у запісе.

Пранікнёныя словы ўдзячнасці адрасавалі таксама ветэранам педагагічнай нівы, якія сёлета пайшлі на заслужаны адпачынак. Гэта Галіна Красоўская, Віктар Морхат, Тамара Лецяга, Радзіён Махлаеў, Альдона Корсак і Вацлаў Ляшко.

У танцавальнай зале раённага Цэнтра культуры на працягу ўсяго форума працавала выстава творчых работ навучальных устаноў пад назвай “Гасціннасць без межаў”. Экспазіцыя выклікала вялікую зацікаўленасць усіх, хто ўбачыў прадстаўленыя творы. Пераможцаў выставы грашовымі прэміямі ўзнагародзіла намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама К. Р. Міхнёнак. Імі сталі калектывы сярэдняй школы № 2 гарпасёлка, Лужкаўскай, Зоркаўскай СШ, Велікасельскай діцячы сад-сярэдняй школы, Навасельскай дзіцячы сад-пачатковай школы, а таксама дзіцячых садоў № 3 і № 4 райцэнтра.

А завяршыўся педагагічны форум святочным канцэртам калектываў мастацкай самадзейнасці раённага Цэнтра культуры і навучальных устаноў Шаркаўшчынскага раёна.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота аўтара.

[nggallery id=59]



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *