Кожны чалавек, у пачатку сваёй працоўнай дзейнасці, выбірае сабе прафесію, з якой ён звязаны будзе праз усё жыццё. Адным яна падабаецца і яны з задавальненнем ідуць на працу, іншыя выпрабоўваюць сябе на розных работах, пакуль не знойдуць тое, што ім патрэбна. Нешта падобнае адбывалася і ў працоўнай біяграфіі Ігната Станіслававіча Храла з Шаркаўшчыны.
Хлопец пасля арміі хацеў набыць спецыяльнасць педагога. Але ў гады яго маладосці не ў кожнага з бацькоў была магчымасць і сродкі вучыць дзяцей у вышэйшых навучальных установах. Заставалася самому Ігнату зарабляць на пражыццё. Уладкаваўся памочнікам кінамеханіка. Больш года папрацаваў і асвоіў гэту прафесію. Маладосць, рамантыка вабілі да нечага іншага, больш узнёслага. І тут мясцовыя хлопцы сабраліся ехаць у Данецкую вобласць на працу ў шахтах. З імі адправіўся і Ігнат.
— Ездзіў калі-небудзь на метро? — спыталі ў будучага шахцёра пры ўладкаванні на працу.
— Зразумела, што не ведаў, але падмануў, што ведаю, што такое метро, — расказвае Ігнат Станіслававіч .
— Вось, там пад зямлёю і будзеш працаваць, — папярэдзіла начальства.
— Праца шахцёра вельмі цяжкая, затое грашовая, — прызнаецца Ігнат Станіслававіч. — Год папрацаваў у шахце, за гэты час набыў пасведчанне шафёра. Значыць, мог ужо ездзіць на машыне. А тэхніку вельмі любіў. Пазнаёміўся там з “хахлушкаю”. Так Любаша стала маёй спадарожніцай на ўсё жыццё.
Пакінулі Хралы Украіну і прыехалі на радзіму мужа. Ігнат пайшоў працаваць шафёрам ў сельгастэхніку. Розныя транспартныя работы даводзілася выконваць, а асабліва падабаліся камандзіроўкі, калі ездзіў на заводы за новымі аўтамашынамі для арганізацыі. На 10 заводах, тады Савецкага Саюза, пабываў. А калі ехаў адзін і пераадольваў вялікія адлегласці, то, міжволі, у галаве складаліся вершы.
— Пісаў шмат і трымаў усё ў галаве, а па вяртанні дадому чытаў вершы сваім сябрам і знаёмым. Нідзе не друкаваўся, саромеўся, — расказвае Ігнат Станіслававіч, але “хобі” сваё не пакідаў.
Затым прапанавалі яму ў той жа арганізацыі папрацаваць на бензавозе, пасля на аўтакране. Тут ужо больш работ было звязана з будаўніцтвам. Менавіта на будоўлі затрымліваўся кранаўшчык нават і пры заканчэнні працоўнага дня, бо ў той час будавалі, асабліва жылля і жывёлагадоўчых памяшканняў, вельмі шмат. І аж да пенсійнага ўзросту, а гэта на працягу 21 года працаваў І. С. Хрол на аўтакране. А агульны стаж працы ў арганізацыі складае 43 гады.
Загартоўваў сябе, займаўся спортам, абліваўся халоднай вадой, не меў шкодных звычак. Ігнат Станіслававіч шмат сіл і энергіі аддаваў сям’і. Пабудаваў дом, выхавалі з Любоўю Мікалаеўнай двух дзяцей. Жывуць разам у згодзе, узаемаразуменні і падтрымцы адзін аднаго ўжо на працягу шмат гадоў. Цяпер аддаюць сваю любоў і пяшчоту ўнукам.
Кацярына СОСНА.
Фота аўтара.
