Напрыканцы верасня вучні 8 «Б» класа Шаркаўшчынскай СШ №1 разам са сваім класным кіраўніком здзейснілі падарожжа ў нашу сталіцу, горад-герой Мінск. Цяпер Святлана Мікалаеўна Грыгаровіч расказвае, што ўбачылі яе вучні і як успрынялі ўбачанае.
—Доўгачаканае падарожжа ў гэты раз было прысвечана наведванню Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, які быў адкрыты сёлета. Нам пашанцавала з надвор’ем: калі мы падышлі да будынку музея, свяціла сонца, таму маглі не спяшаючыся агледзець і ацаніць яго архітэктуру, якая ўразіла сучаснасцю і маштабнасцю. У вучняў адразу з’явілася шмат пытанняў: што сімвалізуюць вежы будынка, каму прысвечаны помнік жанчыны і вайскоўца? Адказы на гэтыя пытанні нам далі экскурсаводы, калі мы зайшлі ўнутр музея. Кожная яго выставачная зала прысвечана пэўным падзеям вайны: фрагменты сцяны Брэсцкай крэпасці, залы, прысвечаныя канцэнтрацыйным лагерам, спаленым вёскам, партызанам. Кожнае слова экскурсавода падмацоўвалася дакументальнымі ўрыўкамі, якія дэманстраваліся з дапамогай сучасных сродкаў мультымедыя. Вялікую зацікаўленасць як у хлопцаў, так і ў дзяўчат выклікала ваеннае тэхніка (танкі, грузавыя аўтамабілі, самалёты). Вучні былі настолькі ўражаны убачаным, што яшчэ доўга прыглядаліся да экспанатаў, і кожны думаў пра тыя часы, калі нашы дзяды і прадзеды мужна змагаліся, каб іх нашчадкі жылі ў міры і былі свабодныя. Калі мы выходзілі з музея, вучні сказалі, што цяпер яны ведаюць сапраўднае значэнне слова Перамога.
Падрыхтаваў Андрэй БУРЭЦ.


