— Мастак — гэта маг, вялікае сэрца. Ён здабывае прыгажосць, адшуквае свежасць ва ўсім, падпарадкоўвае сабе стыхію, — гаварыў знакаміты мастак Марк Шагал.
Менавіта гэтыя словы можна адрасаваць і Віктару Фёдаравічу Круку, сябру беларускага Саюза мастакоў, выкладчыку раённай школы мастацтваў.
Звычайна творчы чалавек праз пэўны час хоча паказаць свае творы, яму хочацца, каб людзі ацанілі творчасць.
Віктар Фёдаравіч загадзя рыхтаваўся да сваёй выставы, якую прымеркаваў да 65-гадовага юбілею і адкрыццё якой праходзіла ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва 24 кастрычніка. Але жыццё распарадзілася так, што мастак не змог прысутнічаць на сваёй выставе. Прыхільнікі яго творчасці і сябры з райцэнтра ў колькасці 13 чалавек наведалі адкрыццё выставы. Там сабраліся яго віцебскія калегі, мастацтвазнаўцы, аднакурснікі, выкладчыкі. Расказвалі аб высокім духоўным і творчым вобліку Віктара Фёдаравіча.
Дарэчы, экспазіцыя мастака складаецца з 60 палотнаў. Адкрывае выставу аўтапартрэт, напісаны ў 1970 годзе. У экспазіцыю ўвайшло яшчэ некалькі партрэтаў. Варта сказаць, што партрэт — яго любімая тэма. Віктар Фёдаравіч жадае нагадаць пра таленавітых творцаў, якіх дала свету беларуская зямля — Васіля Быкава, Хаіма Суціна, Язэпа Драздовіча і іншых. У экспазіцыю увайшло некалькі партрэтаў Эміліі Плятэр. Шмат твораў стварыў наш мастак у час пленэраў. Яны ўсе вельмі рэалістычныя, дэталі прамаляваныя да апошніх драбніц.
Увогуле, само мерапрыемства адкрыцця выставы вылучалася непаўторнай засяроджанасцю і асаблівым унутраным рэлігійным пачуццём, калі мастацтва і духоўнасць знаходзяцца ў гарманічным адзінстве.
Падчас выставы цёплыя словы ў адрас мастака выказалі шаркаўчане, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў Святлана Баранкоўская, начальнік аддзела культуры галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Пётр Падгурскі, сябра саюза мастакоў Алег Скавародка, выкладчык мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава Фелікс Гумен, мастацтвазнаўца Міхась Цыбульскі. А дапамагалі В. Ф. Круку арганізаваць выставу дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва, сябра беларускага саюза мастакоў Андрэй Духоўнікаў, навуковы супрацоўнік цэнтра Алена Ге.
Кацярына СОСНА.
Фота Андрэя Бурца.

Вiктар Федаравiч-жывая легенда. Падумаць толькi-мы спадкалiся з iм у адным часе. Я веру ў адно: iмя яго павiнна быць у спiсе найвыбiтнейшых асоб нашага цудоўнага шаркаўшчынскага краю. Творчага натхнення шаноўнаму мастаку!