
У мэтах актывізацыі інавацыйнага мыслення моладзі, выяўлення і ўкаранення сучасных праектаў і навукова-тэхнічных распрацовак 21 кастрычніка на базе ўнітарнага прадпрыемства “Віцебскаблгаз” абласны камітэт ГА БРСМ правёў выставу-прэзентацыю праектаў рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Мерапрыемства праходзіла ў фармаце адкрытага дыялогу паміж аўтарамі праектаў і прадстаўнікамі экспертнай камісіі, у склад якой увайшлі прадстаўнікі цэнтральнага камітэта БРСМ, Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, аблвыканкама, Асацыяцыі наймальнікаў і прадпрымальнікаў, аб’яднання рацыяналізатараў, Інстытута тэхнічнай акустыкі НАН Беларусі, а таксама грамадскіх арганізацый. Па словах першага сакратара ЦК БРСМ Ігара Бузоўскага, ідэі маладога пакалення павінны быць пачуты, таксама як і іх праблемы. У выставе-прэзентацыі прынялі ўдзел вучні школ, навучэнцы і студэнты сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў, маладыя супрацоўнікі шматлікіх прадпрыемстваў Віцебшчыны.
На форуме было прадстаўлена 16 лепшых праектаў з тых, якія паступілі сёлета ў абласны камітэт БРСМ. Некаторыя з іх былі звязаныя з сацыяльнай тэматыкай, іншыя былі накіраваны на рашэнне пытанняў эканоміі энергарэсурсаў, закраналі медыцыну, біялогію, камп’ютарныя тэхналогіі.
У маладзёжным конкурсе прынялі ўдзел і вучні Германавіцкай СШ Сняжана Рубніковіч і Антон Мацкевіч, якія разам з настаўнікам Інай Пучынскай і першым сакратаром райкама БРСМ Юліяй Протас прадстаўлялі дасугава-рэкрэацыйны праект “Сардэчна запрашаем!” школьнага краязнаўчага аб’яднання “Заранка”. Асноўнай мэтай праекта з’яўляецца арганізацыя змястоўнага адпачынку экскурсантаў і турыстаў у аграгарадку Германавічы праз папулярызацыю гісторыі і прыродных асаблівасцей мясцовасці. Рэалізацыя праекта прадугледжвае распрацоўку турыстычных маршрутаў, экскурсій, правядзенне экалагічных акцый. Для экспертнай камісіі шаркаўчане прэзентавалі дакументальныя і сцэнарныя распрацоўкі раённых свят “Матывы і ўзоры Прыдзісненскага краю”, каталіцкага Купалля, летапісанне мястэчка Германавічы і мясцовай сярэдняй школы, шматлікія фотаздымкі, буклеты, а таксама відэафільм пра гісторыю і сучаснасць свайго населенага пункта. У выніку нашы землякі атрымалі сертыфікат удзельнікаў выставы-прэзентацыі “100 ідэй для Беларусі” за подпісам першага сакратара абласнога камітэта БРСМ Юліі Новікавай, пазнаёміліся з таленавітымі равеснікамі з розных раёнаў вобласці.
Сяргей РАЙЧОНАК.
