Тэма тыдня ад БЕЛТА: Прэзідэнт запатрабаваў захаваць у 2015 годзе дасягнуты ўзровень дабрабыту дзяржавы і народа

Актуальное

1Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11 лістапада заслухаў даклад урада, Нацыянальнага банка, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама аб рабоце эканомікі за мінулы перыяд 2014 года, ацэнцы вынікаў года і праектах прагнозу, бюджэту і грашова-крэдытнай палітыкі на 2015 год. Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу да 25 лістапада дапрацаваць і прадставіць на яго разгляд у канчатковым выглядзе праекты прагнозу, бюджэту і асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2015 год. Пры гэтым Прэзідэнт запатрабаваў «захаваць той узровень дабрабыту і функцыянавання нашай дзяржавы, які дасягнуты на сённяшні дзень».

Лукашэнка канстатуе рост эканомікі Беларусі за 9 месяцаў пры захаванні валютнай і бюджэтнай збалансаванасці
«Паступова аднаўляецца рост прамысловай вытворчасці, калі гэта можна назваць аднаўленнем, — 101,2 працэнта. З’явілася амаль паўтысячы новых арганізацый у прамысловасці, створана больш за 7 тыс. рабочых месц. Аб’ём інвестыцый у асноўны капітал склаў $15 млрд (гэта 28 працэнтаў ад валавога ўнутранага прадукту)», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Прэзідэнта, атрымана дадатнае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі ў суме $660 млн, што значна лепш за паказчык аналагічнага перыяду мінулага года.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што своечасова выконваюцца плацяжы па пагашэнні і абслугоўванні знешняга дзяржаўнага доўгу. Так, у бягучым годзе на гэтыя мэты накіравана $4,5 млрд.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што захоўваюцца бюджэтная дысцыпліна, своечасовае і поўнае выкананне абавязацельстваў бюджэту па выплаце зарплат, пенсій, іншых сацыяльных і першачарговых плацяжоў.
«Даходы насельніцтва прыраслі амаль на Br60 трлн, прычым палавіну з іх людзі аднеслі і размясцілі ў нашых банках. Гэта сведчыць аб росце дабрабыту нашых грамадзян і іх даверы да банкаўскай сістэмы», — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што надышоў час разабрацца, наколькі эфектыўнымі аказаліся прынятыя ўрадам і Нацыянальным банкам меры, ці ўсё зроблена ў цэнтры і на месцах, каб вынікі адпавядалі намечанаму.

Лукашэнка: у эканоміцы Беларусі застаюцца многія нявырашаныя праблемы і застарэлыя балячкі
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ўрад і Нацыянальны банк выкарысталі не ўсе рэзервы для выкаранення застарэлых праблем у эканоміцы.
«Настаў час разабрацца, наколькі эфектыўнымі былі прынятыя ўрадам і Нацыянальным банкам меры. Ці ўсё зроблена ў цэнтры і на месцах, каб вынікі адпавядалі намечанаму? Ці ўсе рэзервы выкарыстаны? — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Лічу, не. Даклады, якія ляжаць у мяне на стале, паказваюць, што ў пасіве — многія застарэлыя балячкі і нявырашаныя праблемы».
У першую чаргу Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на існуючыя значныя запасы гатовай прадукцыі на складах прамысловых прадпрыемстваў.
«Я катэгарычна забараняў работы на склад! І не прымушаў вас гнаць аб’ёмы. Галоўнае — продажы і даходы ад гэтых продажаў!» – дадаў ён.
Сур’ёзную заклапочанасць у кіраўніка дзяржавы выклікае зніжэнне экспарту такіх важнейшых тавараў, як аўтамабільная, сельскагаспадарчая і бытавая тэхніка, спажывецкія тавары. «У выніку ў знешнім гандлі не дацягваем нават да мінулагодніх паказчыкаў», — канстатаваў Прэзідэнт.
Сур’ёзнай праблемай з’яўляецца пагаршэнне фінансавага стану прадпрыемстваў. Колькасць стратных вырасла больш як у паўтара раза (з 740 да 1200), а сумы чыстай страты — амаль у два разы: з Br5 трлн да Br9 трлн.
«Адразу заўважу, што апраўдання, спасылкі на неспрыяльныя знешнія фактары як «капрызы надвор’я» не прымаюцца. Яны заўсёды былі і будуць. І, дарэчы, мы планавалі сваю работу ў гэтым годзе, улічваючы гэтыя неспрыяльныя ўмовы», — падкрэсліў Прэзідэнт.
«Нам трэба працаваць у любых умовах і дасягаць вынікаў, аператыўна рэагаваць на змяненні кан’юнктуры і прымаць рашэнні неадкладна», — сказаў Прэзідэнт.
Лукашэнка патрабуе больш хуткіх і рашучых дзеянняў у пытанні даступнасці крэдытаў
«Адкрыта скажу, вельмі многа нараканняў ад кіраўнікоў прадпрыемстваў, бізнесменаў, простых людзей на непад’ёмна высокія працэнтныя стаўкі па крэдытах», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што ў сувязі з гэтым чакае адказу ад кіраўніка Нацбанка на пытанне аб даступнасці крэдытных рэсурсаў.
«Прашу не забываць, што 2015 год завяршае бягучае пяцігоддзе. І нам з вамі на бліжэйшым Усебеларускім сходзе трэба будзе даць справаздачу перад народам за 5 гадоў, адкрыта сказаць грамадству, што абяцалі і што зрабілі», — адзначыў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, у сувязі з гэтым і патрабаванні да якасці прагнозу на 2015 год асаблівыя. Кіраўнік дзяржавы дадаў, што ключавыя ўмовы вызначаны. У наступны год Беларусь уваходзіць з узгодненым нафтавым балансам, прымальнымі ўмовамі па пастаўках нафты і газу. У выніку дамоўленасцей па стварэнні ЕАЭС на $1,5 млрд павялічаны даходы бюджэту Беларусі ад пералічэння вывазных мытных пошлін за нафтапрадукты.
Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што неабходна мець дакладнае разуменне таго, як банкаўская сістэма будзе садзейнічаць вырашэнню задач, якія стаяць перад рэальным сектарам эканомікі.

Лукашэнка: я ніколі не гуляў у тайны з народам
«Ведаю, што напярэдадні гэтай нарады і ў сродках масавай інфармацыі, і ў нашым грамадстве, зразумела, кімсьці спецыяльна ўзнімаюцца асобныя пытанні, каб пачуць з маіх вуснаў адказы на іх. Некаторыя пытанні аб’ектыўна існуюць, тайн ніякіх няма. Я іх ніколі не рабіў, і мне няма неабходнасці гуляць у нейкія тайны з народам: ад вырашэння эканамічных праблем да кадравых», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што кадравае пытанне хвалюе ўсіх. «Я заўсёды загадзя ўсіх папярэджваў: усё будзе залежаць ад таго, як той ці іншы член урада, губернатар, памочнік напружваюцца, працуюць і якія вынікі даюць, — сказаў Прэзідэнт. — Будуць вынікі — будзе работа. Не будзе вынікаў — вы таксама ведаеце, што магчыма».

Лукашэнка запатрабаваў разабрацца з расходамі ў банкаўскай сферы і аптымізаваць іх
Звяртаючыся да кіраўніка Нацбанка Надзеі Ермаковай, Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Каб не было больш размоў наконт таго, што вы там жыруеце разам з банкамі, давайце дамовімся так. Я, напрыклад, формулу гавару. Ваша зарплата павінна быць недзе блізкая да зарплаты прэм’ер-міністра. Усе астатнія павінны быць выбудаваны як ва ўрадзе. Хто не хоча працаваць — звальняйцеся адразу. Тое ж самае па расходах усіх банкаў, пачынаючы ад вас і заканчваючы іншымі. Абыдзецеся двума аўтамабілямі ў Нацбанку для абслугоўвання — значыць, два легкавыя аўтамабілі. Сёння гэта нятанна, тым больш такія цэны на бензін. Забеспячэнне, зарплата, праграмнае забеспячэнне, без якога не абысціся — асабіста зацвердзіце кожнаму. Усё астатняе зняць. І асабіста мне далажыце сваю пазіцыю, не ўзгадняючы ні з якімі банкамі».
«Усіх падстрыгчы пад адзін грэбень, — запатрабаваў Прэзідэнт. — І тады, калі і дрэнна будзе, мы народу зможам растлумачыць. Дрэнна? Дрэнна ўсім. Гэта не малаважнае пытанне. Як аказваецца, яно ў 15-17 працэнтаў выліваецца пры кошце крэдытных рэсурсаў нашых банкаў. Не гледзячы ні на якія банкі — ні на беларускія, ні на расійскія, ні на замежныя, — усіх падстрыгчы пад адзін грэбень».

Лукашэнка: штучнага павышэння цэн на бензін у Беларусі не будзе
Прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што праекты прагнозу і бюджэту на 2015 год сфарміраваны з улікам базавых параметраў Расійскай Федэрацыі як галоўнага гандлёвага партнёра Беларусі. Улічваючы рост уваходнай цаны на нафту для беларускіх НПЗ на $100 за тону з-за падатковага манеўру Расіі, прапануецца крыху знізіць у Беларусі акцызы на нафтапрадукты ўнутранага рынку. Гэта забяспечыць даходнасць нафтазаводаў на ўзроўні, дастатковым для рэалізацыі інвестыцыйнай праграмы з улікам прыцягнення імі крэдытных рэсурсаў. У той жа час прапануецца павысіць цэны на паліва ўнутры краіны на 10 працэнтаў.
Аляксандр Лукашэнка жорстка адрэагаваў на гэта, падкрэсліўшы, што павышэння цэн на бензін не будзе.
«Мы прынялі рашэнне па бензіне, прывязалі яго да долара. Колькі давялося выцерпець з-за гэтай прывязкі, і вы цяпер для таго, каб «бедныя» нафтаперапрацоўчыя заводы падтрымаць, калі я правільна зразумеў, яшчэ прапануеце ў народа забраць з кішэні грошы праз бензін!» — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Ніякага павышэння цэн на бензін не будзе! Мы прывязалі бензін да долара, гэта даволі значная цана для Беларусі, і няхай на гэта не разлічваюць. Няхай шукаюць гэтыя грошы на НПЗ і на продажах на знешнім рынку. Трэба гэтыя рычагі задзейнічаць, а не простыя: узялі цэны павысілі. Гэта і дурань можа! Для гэтага і ўрад не патрэбны! Ніякага штучнага павышэння цэн на нафтапрадукты ў Беларусі не будзе!» — падкрэсліў Прэзідэнт.

Лукашэнка патрабуе прыняць меры па абароне беларускага вытворцы
«Якія вы будзеце шукаць метады і шляхі, а іх шмат, каб падтрымаць айчыннага вытворцу, гэта ваша пытанне. Але літаральна з заўтрашняга дня Міністэрства гандлю, губернатары і мэр Мінска разам са старшынёй ДМК прыміце самыя рашучыя меры па абароне ўласнага таваравытворцы, пачынаючы ад гандлю і заканчваючы мытнай граніцай. Сядайце і думайце, як вы абароніце ўласнага таваравытворцу. Ніякіх спасылак быць не павінна, што ў нас абавязацельствы ў Мытным саюзе, Еўразійскім саюзе. Свой таваравытворца павінен быць абаронены», — падкрэсліў Прэзідэнт.
«Вы дапрацаваліся да таго, што тавары, якія вырабляюцца ў нас, неканкурэнтаздольныя з імпартам на ўнутраным рынку. Мы тэлевізары перасталі прадаваць, халадзільнікі не прадаём. Ну і што мы запатрабуем з кіраўніка гэтага прадпрыемства? Так, яго, можа, даўно пара замяніць, калі такая сітуацыя на прадпрыемстве. Але ён скажа: а чаму вы нават свой уласны рынак не абаранілі?» — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
«І вы ўсе падладжваецеся пад знешнюю кан’юнктуру, пад тое, што ў вас агульны рынак з Расіяй, Украінай», — сказаў Прэзідэнт і дадаў, што Расія ў выпадку неабходнасці абараняе інтарэсы ўласных таваравытворцаў.
«Вазьміце іх стаўленне да «БелДжы». Колькі яны мусолілі нам мазгі! Не, кітайскія аўтамабілі вы выпускаць не будзеце, таму што яны пойдуць на наш рынак. Ну, дык гэта ж не супярэчыць нашым дамоўленасцям у МС і Еўразійскім саюзе. Не, не будзеце! А цяпер? Мала таго, што ў іх былі адкрыты такія прадпрыемствы, яны не гледзячы ні на нас, ні на Казахстан адкрываюць у Расіі кітайскія вытворчасці», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
«Чаму ж мы не знайшлі механізм абароны нашых прадпрыемстваў? Чаму аддалі свой рынак? Ідзём у Эміраты, яшчэ некуды, у Манголію, М’янму, у В’етнам, а свой рынак аддалі! Гэта што, не пытанні ўраду?» — дадаў Прэзідэнт.
Гаворачы аб інвестыцыйных праектах, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў іх павінны быць уключаны толькі беларускія прадпрыемствы, здольныя пастаўляць тую ці іншую прадукцыю пад інвестыцыі.
«І гэта трэба рабіць з заўтрашняга дня, не з паслязаўтрашняга. Калі трэба — падпрацаваць нарматыўна-прававую базу, калі не — прымайце рашэнне ва ўрадзе», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Можам вырабляць станок у Беларусі — беларускі станок павінен стаяць», — падкрэсліў Прэзідэнт.
У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў будаўніцтва атамнай электрастанцыі, пры яе ўзвядзенні павінны быць па максімуму задзейнічаны беларускія складнікі.

Лукашэнка патрабуе ў самыя кароткія тэрміны прадставіць дэкрэт аб адказнасці і правах кіруючых работнікаў
«Мы павінны яго ўвесці ў дзеянне з 1 студзеня, але ў снежні ён павінен легчы на стол кожнаму кіраўніку, і ў ім будзе прапісана: вось яго правы ў адносінах да падначаленых на прадпрыемстве, а вось яго абавязкі. Крок улева, крок управа гэтага кіраўніка, чытай губернатара, старшыні райвыканкама, члена ўрада, прэм’ер-міністра, — немінучая гібель! Але для таго каб не загінуць, у яго павінны быць рычагі ўздзеяння на той калектыў, які яму падначалены», — сказаў кіраўнік дзяржавы. У той жа час ён папярэдзіў, што пры распрацоўцы дакумента «чыноўнік не павінен бачыць сябе».
«Вы павінны пакласці мне на стол даступны для разумення дэкрэт, які прадастаўляе выключныя правы кіраўнікам прадпрыемстваў і ўсёй вертыкалі ўлады і прадугледжвае іх вельмі строгую адказнасць. У адваротным выпадку ніякай выканальніцкай дысцыпліны не будзе і ўсе гэтыя нашы праекты, аб якіх мы гаварылі, будуць пахаваны пад бюракратыю і нашу з вамі бяздзейнасць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што чакае дадатковай інфармацыі і кансультацый па новым дэкрэце.
Звяртаючыся да кіраўнікоў прадпрыемстваў, Прэзідэнт падкрэсліў, што патрабуе ад іх поўнай аддачы ў рабоце. «Калі яны не пачнуць паказваць дынаміку ў гэтыя два апошнія месяцы, ні аднаго кіраўніка не застанецца!» — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.
«І выплачваць трэба не якія-небудзь дапамогі на прадпрыемствах, а зарплату. Зарабіў грошы — атрымай, не зарабіў — ніякай зарплаты быць не павінна, ніякіх выплат. Толькі заработная плата. Заработная плата — гэта заробленыя грошы», — дадаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на праблему неўстаноўленага абсталявання: «Не дай бог, да канца года мне даложаць праваахоўныя органы, што недзе закуплена абсталяванне і яно валяецца на складзе!» Аляксандр Лукашэнка даручыў узяць гэта пытанне пад кантроль генеральнаму пракурору і старшыні КДК.

Лукашэнка мае намер сфарміраваць да пачатку года баяздольны склад урада
«Я не ўтойваў, што для мяне цяпер праблема нумар адзін, улічваючы формулу «кадры вырашаюць усё», — сфарміраваць да пачатку года баяздольны склад урада. Я не кажу, што трэба ўсіх разагнаць. Можа, і вы яшчэ з гэтым урадам можаце не толькі патроны падносіць, але і «кулямёт» у руках трымаць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча.
Прэзідэнт адзначыў, што ўрад на бягучы год сам вызначаў і браў на сябе адказнасць за выкананне асноўных параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця з іх паквартальнай разбіўкай. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, якія рэзультаты па выніках дзевяці месяцаў. Прэм’ер-міністр прызнаў, што на гэты момант запланаваныя паказчыкі ў большасці сваёй не выконваюцца.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка справядліва заўважыў, што планы на 2015 год, зыходзячы з вынікаў работы ў 2014-м, таксама можна паставіць пад сумненне. «Я што, павінен сказаць: «Малайцы, дзейнічайце»? Улічваючы, што правалены гэты год, дзе гарантыя, што будзе выкананы будучы год? Пытанне ўжо ў мяне недаверу да таго, што вы гаворыце. У цэлым недаверу да ўрада», — падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт упэўнены, што цяжкасці з экспартам прадукцыі неабходна шукаць перш за ўсё не ў знешніх абставінах, а ў рабоце саміх прадпрыемстваў і адпаведных галін.
У сувязі з гэтым абавязковым патрабаваннем з’яўляецца павышэнне якасці і зніжэнне сабекошту выпускаемай прадукцыі, скарачэнне выдаткаў, актыўная маркетынгавая палітыка і стратэгія пашырэння тавараў на знешніх рынках.

Лукашэнка: ніякіх абяцанняў і выплат пад выбары быць не павінна
«Нягледзячы на тое, што 2015-ы — палітычны год, будзем зыходзіць з рэалій, — запатрабаваў Прэзідэнт. — Нам галоўнае захаваць той узровень, які ёсць на сённяшні дзень. Ніякіх абяцанняў пад выбары, ніякіх выплат пад выбары быць не павінна! Таму што ў гэтых умовах, калі ўвесь свет у рэцэсіі, мы не расхлябаемся, калі павыкідваем грошы. І не трэба людзей падманваць».
«І ніякіх празмернасцей — няхай гэта народ пачуе! Купляць народ за пустыя грошы не трэба, таму што гэта выльецца адразу ж пасля выбараў у страшную сітуацыю. Трэба зыходзіць з таго, як ёсць у эканоміцы», — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што 25 лістапада яму павінны быць прадстаўлены дапрацаваныя з улікам канцэптуальных і канкрэтных абмеркаванняў праекты асноўных дакументаў развіцця краіны на 2015 год.
«Патрэбны дакументы для работы ў будучым годзе, дзе галоўнае — захаваць той узровень дабрабыту і функцыянавання нашай дзяржавы, які дасягнуты на сённяшні дзень. З маленькім-маленькім плюсам, каб была дынаміка. Калі будзе больш, калі нам дазволяць абставіны, і знешнія перш за ўсё, гэта будзе плюс», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму будаўніцтва, адзначыўшы, што ў будучым годзе трэба завяршыць узвядзенне аб’ектаў, якія знаходзяцца ў высокай ступені гатоўнасці. «Ніякіх новых аб’ектаў сацыяльна-культурнага і іншага прызначэння быць не павінна! І нават трэба паглядзець па аб’ектах вытворчага прызначэння. Без чаго можам абысціся — трэба абысціся, трэба загрузіць тое, што мы мадэрнізавалі і пабудавалі. Гэта галоўная задача губернатараў і ўрада — загрузіць і атрымаць максімальны эфект ад таго, што пабудавана», — падкрэсліў Прэзідэнт.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *