На базе Лужкаўскай СШ прайшоў конкурс педагагічнага майстэрства сярод маладых настаўнікаў

Актуальное Молодежь

IMG_2496Аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама штогод ладзіць для маладых спецыялістаў навучальных устаноў выязны семінар, у рамках якога праходзіць конкурс педагагічнага майстэрства. Настаўнікі, якія знаходзяцца ў пачатку свайго прафесійнага станаўлення, маюць выдатную магчымасць падчас падобных мерапрыемстваў уласна ўбачыць і пераняць для сябе як тэарэтычны, так і практычны перадавы вопыт сваіх старэйшых калег.
Сёлета месцам правядзення семінара маладых спецыялістаў была абрана Лужкаўская сярэдняя школа. Як зазначыла напачатку сустрэчы загадчык метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Пастушкова, дадзеная навучальная ўстанова — адна з самых лепшых у нашым раёне. Тут працуюць 28 высокакваліфікаваных педагогаў, якія перадаюць грунтоўныя веды 169 вучням. На належным узроўні арганізавана для школьнікаў эстэтычнае, працоўнае, духоўнае, спартыўнае, патрыятычнае і экалагічнае выхаванне. Тут рэалізуюцца праекты “Малыя рэкі — вялікія праблемы”, “Зялёныя школы”. Навучальная ўстанова вядзе актыўнае супрацоўніцтва з Батанічным садам Акадэміі Навук Рэспублікі Беларусь. А сярод вучняў школы ёсць шмат пераможцаў і прызёраў як раённых, так і абласных прадметных алімпіяд.
Удзельнікаў семінара гасцінна сустрэла дырэктар школы Ларыса Гараніна. Яна ж правяла экскурсію па навучальнай установе, расказала пра мінулае і сённяшні дзень Лужкаўскай СШ. Затым маладых спецыялістаў настаўнікі запрасілі наведаць адкрытыя ўрокі. Алена Мятла правяла абагульняючы ўрок у першым класе па прадмеце “Чалавек і свет” на тэму “Восень”. Тэмай урока па гісторыі стала “Барацьба Русі са знешнімі ворагамі”. Пра гэта шасцікласнікам расказала настаўнік Таццяна Эйтміновіч. А настаўнік англійскай мовы Раіса Хаданёнак разам з вучнямі сёмага класа правяла ўрок-абарону праекта “Сяброўства. Сябры”. У восьмым класе настаўнік фізікі Аляксандр Арэхаў правёў урок-тлумачэнне новага матэрыялу па тэме “Будова атама. Іоны”. Пасля заняткаў маладыя спецыялісты разам з настаўнікамі школы змаглі разам абмеркаваць шматлікія пытанні, выслухаць парады вопытных калег, узяць на ўзбраенне лепшыя формы і метады выкладання прадметаў.
Пра тое, чым жыве школа, яе педагагічны калектыў і вучні, прысутныя госці змаглі даведацца са “Школьнай візіткі” і ад намеснікаў дырэктара па вучэбнай і выхаваўчай рабоце Зоі Огінавай і Алены Арэхавай.
Кульмінацыяй жа педагагічнага форума стаў конкурс прафесійнага майстэрства сярод маладых спецыялістаў, у якім выказалі жаданне ўдзельнічаць Таццяна Туронак (Лонская ДС-ПШ), Юлія Тарарака і Марына Курачкіна (СШ № 1 гарпасёлка), Анастасія Шыман (Германавіцкі дзіцячы сад), Вольга Бездзель (Більдзюжская СШ), Анна Зайцава (Велікасельская ДС-СШ) і Марыя Катовіч (Шаркаўшчынская СШ № 2). Конкурс быў пабудаваны так, што ўсе ўдзельнікі змаглі паказаць не толькі майстэрства сучаснага педагога-пачаткоўца, але яшчэ і знайсці адказы на розныя каверзныя пытанні, якія для іх падрыхтавалі спецыялісты аддзела адукацыі, спорту і турызму. Шэсць этапаў творчага спаборніцтва насілі назвы “Самапрадстаўленне”, “Псіхолага-педагагічнае тэсціраванне”, “12 “нельга” педагога”, “Педагагічны прэс-цэнтр”, “Бацькоўская акадэмія” і “Конкурс-сюрпрыз”. І асноўная частка мерапрыемства доўжылася амаль дзве гадзіны і пакінула шмат прыемных і цёплых уражанняў як пра саміх канкурсантаў, так і пра іх кемлівасць і знаходлівасць. Члены журы ўважліва сачылі і аналізавалі адказ кожнага маладога педагога, а затым выстаўлялі ў судзейскія пратаколы адзнакі.
Пасля апошняга выпрабавання журы конкурсу аб’явіла вынікі і ўзнагародзіла дыпломамі ўдзельнікаў творчага спаборніцтва. Таццяна Туронак удастоена намінацыі “Знаходлівасць і самавалоданне”. Дыпломам у намінацыі “Прыгажосць душы і прывабнасць” узнагароджана Юлія Тарарака, Анастасія Шыман — у намінацыі “Імкненне да перамогі”, Марына Курачкіна — у намінацыі “Сэрца аддаю дзецям”. “Яркая індывідуальнасць” — намінацыя, у якой перамагла Анна Зайцава. Марыя Катовіч атрымала дыплом у намінацыі “Маладосць і педагагічная перспектыва”. А найбольшую колькасць балаў па суме этапаў спаборніцтва набрала Вольга Бездзель. Яна і стала пераможцай конкурсу прафесійнага майстэрства сярод маладых спецыялістаў. Ларыса Гараніна ўручыла канкурсантам дыпломы, а таксама смачныя пачастункі са школьнага пладовага саду.
Арганізатары педагагічнага форума — аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і калектыў Лужкаўскай СШ — пажадалі маладым педагогам паспяховай дзейнасці, імкнення да самаўдасканалення і ўпэўненасці ў тым, што прафесія ў жыцці была абрана кожным з іх правільна.
Сяргей РАЙЧОНАК.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *