Тэма тыдня ад БЕЛТА: У Беларусі ўведзены мараторый на рост цэн

Актуальное

23Урад даручыў увесці мараторый на любое павышэнне тарыфаў на паслугі натуральных манаполій
Урад даручыў Міністэрству эканомікі ўвесці мараторый на любое павышэнне тарыфаў на паслугі натуральных манаполій і суб’ектаў гаспадарання, якія займаюць дамінуючае становішча на таварным рынку. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў нумар 1207 ад 19 снежня 2014 года, якая напярэдадні ўступіла ў сілу, паведамілі ў прэс-службе беларускага ўрада.
Дакумент прыняты ў мэтах недапушчэння росту рознічных цэн і забеспячэння спажывецкага рынку шырокім асартыментам тавараў.
«Міністэрству эканомікі (даручана. — Заўвага БЕЛТА) увесці мараторый на любое павышэнне тарыфаў на паслугі натуральных манаполій, а таксама суб’ектаў гаспадарання, якія займаюць дамінуючае становішча на таварным рынку, без адпаведнага дазволу ўрада Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў дакуменце. Рашэнне кіраўнікоў Мінэканомікі аб павышэнні такіх тарыфаў без названага дазволу будзе лічыцца падставай для адхілення іх ад займаемых пасад па дыскрэдытуючых падставах.
Мінпраму, Мінбудархітэктуры, Мінсельгасхарчу, Мінлясгасу, «Беллегпраму», «Беллеспаперапраму», «Белдзяржхарчпраму», «Белнафтахіму», іншым рэспубліканскім органам дзяржкіравання і іншым дзяржарганізацыям, падпарадкаваным ураду, аблвыканкамам, Мінгарвыканкаму даручана не дапускаць росту адпускных цэн на тавары, што вырабляюцца падпарадкаванымі (уваходзячымі ў склад) арганізацыямі. За выкананне гэтага даручэння кіраўнікі названых дзяржорганаў і арганізацый будуць несці персанальную адказнасць.
Вышэй пералічаным міністэрствам і ведамствам, а таксама холдынгам «Атлант» і «Гарызонт» даручана забяспечыць рост паставак выпускаемай прадукцыі ў рознічную гандлёвую сетку, уключаючы гандлёвыя аб’екты сістэмы спажыўкааперацыі, знізіўшы ўзровень складскіх запасаў і знешняй дэбіторскай запазычанасці.
Мінгандаль, Мінсувязі, Белкаапсаюз, аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам у адпаведнасці з пастановай павінны будуць не дапусціць росту рознічных цэн на спажывецкія тавары і забяспечыць наяўнасць шырокага іх асартыменту ў гандлёвых аб’ектах, уключаючы інтэрнэт-гандаль. Невыкананне асартыментнага пераліку гандлёвага аб’екта, незабеспячэнне належнай выкладкі тавараў у гандлёвым абсталяванні, невыкананне заканадаўства аб гандлі пры рэалізацыі тавараў праз інтэрнэт-магазін, а таксама перавышэнне рознічных цэн на тавары ў параўнанні з цэнамі, якія дзейнічалі на 18 снежня бягучага года, будуць лічыцца грубым парушэннем правіл гандлю.
Адказнасць за насычэнне спажывецкага рынку нехарчовымі таварамі айчыннай вытворчасці без росту адпускных цэн ускладзена на першага намесніка прэм’ер-міністра Уладзіміра Сямашку і намесніка прэм’ер-міністра Анатоля Калініна ў адпаведнасці з размеркаваннем абавязкаў, харчовымі таварамі айчыннай вытворчасці без росту адпускных цэн — на намесніка прэм’ер-міністра Міхаіла Русага, за стабільнасць цэн і забеспячэнне шырокага асартыменту тавараў у рознічнай гандлёвай сетцы, а таксама арганізацыю работы ў цэлым па выкананні гэтай пастановы — на намесніка прэм’ер-міністра Пятра Пракаповіча.
Мінэканомікі Беларусі ўвяло мараторый на павышэнне цэн прадпрыемствамі-манапалістамі
Міністэрства эканомікі ўвяло мараторый на любое павышэнне цэн прадпрыемствамі-манапалістамі Беларусі, паведамілі ў ведамстве.
Мараторый распаўсюджваецца на любое павышэнне цэн (тарыфаў) адносна ўзроўню, што дзейнічаў на 18 снежня 2014 года, на тавары, работы і паслугі юрыдычных асоб, якія ўключаны ў Дзяржаўны рэестр суб’ектаў гаспадарання і займаюць дамінуючае становішча на таварных рынках рэспублікі. У названы рэестр, паводле даных на красавік бягучага года, уваходзіла больш за 160 прадпрыемстваў, у тым ліку кампанія «Еўрагандаль», цукровыя заводы, аператары сотавай сувязі.
У прэс-службе звярнулі ўвагу, што пры гэтым не дапускаецца павышэнне цэн за кошт змяншэння або адмены дзеючых памераў скідак.
Гэтыя меры прыняты ў мэтах выканання прадпісанняў пастановы Савета Міністраў Беларусі ад 19 снежня нумар 1207 «Аб некаторых пытаннях спажывецкага рынку».
Прадпрыемствы, аб якіх ідзе размова, павінны прадаставіць інфармацыю аб прывядзенні прымяняемых тарыфаў у адпаведнасць з пастановай нумар 1207 у дэпартамент цэнавай палітыкі Мінэканомікі не пазней за 24 снежня.
Мясніковіч: нядобрасумленным арганізацыям гандлю вельмі балюча дадзім па руках
Арганізацыі гандлю, якія парушаюць цэнавую дысцыпліну і санітарную бяспеку, будуць строга карацца. Аб гэтым у інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь 1» паведаміў прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч.
Паводле даных прэм’ера, фіксуюцца многія факты нядобрасумленных паводзін асобных арганізацый гандлю, якія хочуць скарыстацца сітуацыяй і ўзняць цэны. «Тым, хто хоча нажыцца, мы дадзім па руках. Вельмі балюча дадзім па руках», — падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.
У якасці прыкладу ён прывёў сітуацыю з магазінамі сеткі «5-ы элемент», якія гэтымі днямі ў самы разгар продажаў нечакана закрыліся па тэхнічных прычынах. Пакупнікам растлумачылі, што за выбраным таварам яны змогуць прыйсці на наступны дзень і набыць яго па той жа цане. Між тым і на заўтра магазіны былі закрытыя. «За такія рэчы трэба караць, і мы караем вельмі строга. Аж да крымінальнай адказнасці службовых асоб, якія такім чынам правакуюць і хочуць несумленна зарабіць на нюансах, якія выкліканы не ўнутранымі абставінамі, а знешнімі прычынамі», — гарантаваў прэм’ер-міністр.
Напярэдадні была прынята пастанова Савета Міністраў нумар 1207, якой уводзіцца мараторый на любое павышэнне тарыфаў на паслугі натуральных манаполій і суб’ектаў гаспадарання, якія займаюць дамінуючае становішча на таварным рынку.
«Гэта вымушаная мера, якая ўзмацняе кантроль і адказнасць людзей, якія сёння працуюць у рознічным гандлі. Мы павінны ўсімі шляхамі абараніць нашага чалавека. І мы гэта зробім. Інструменты ва ўрада для гэтага ёсць», — сказаў кіраўнік урада.
На гэты момант стаў больш строгім кантроль не толькі за цэнавай дысцыплінай, але і за выкананнем санітарнай бяспекі. Толькі ў снежні санслужбай прыпынена дзейнасць 480 аб’ектаў, або па 40-45 у дзень. Пры гэтым 250 ужо аднавілі сваю дзейнасць. «Прыйшлося нанесці такі ўдар па адміністрацыі і самім прадпрыемстве, каб людзі зрабілі тое, што яны павінны былі рабіць кожны дзень», — сказаў Міхаіл Мясніковіч.
Кіраўнік урада дадаў, што нядаўна выйшаў указ, які прадаставіў дадатковыя паўнамоцтвы міністру гандлю, галоўнаму санітарнаму ўрачу. «Гэта робіцца не для таго, каб некага напалохаць, самавольства нейкае чыніць — не. Але павінен быць парадак», — адзначыў ён.
Для скачка інфляцыі ў Беларусі няма падстаў
Прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч не бачыць перадумоў да таго, што ў сувязі з увядзеннем часовага 30-працэнтнага збору на куплю валюты інфляцыя таксама прыбавіць на 30 працэнтаў.
«Няма падстаў гаварыць, што будзе інфляцыя на ўзровень валютнага збору, — падкрэсліў ён. — У нас энергетыка абаронена, уклады абаронены, і заработная плата застаецца ў рамках тых разлікаў і балансаў, якія мы вызначылі на 2014-2015 год».
Прадпрыемствы не будуць плаціць збор пры набыцці валюты для разлікаў за нафту, нафтавы (спадарожны) газ, іншыя вадкія і газападобныя вуглевадароды, прыродны газ і за электрычную энергію. Даходнасць гандлю імпарцёраў нават пры 30-працэнтным валютным зборы будзе вышэйшая, чым у аналагічнага бізнесу ў Расіі або Украіне, дзе ўзровень дэвальвацыі нацыянальных валют дасягнуў 180 працэнтаў і 200 працэнтаў адпаведна. Прэм’ер не стаў утойваць, што «нейкі імпартны тавар падаражэе». Але звярнуў увагу, што ў Беларусі вырабляецца аналагічная прадукцыя — якасная, па прымальных цэнах і ў дастатковай колькасці.
Міхаіл Мясніковіч расказаў аб мерах, якія прымаюць урад і Нацбанк для абароны рублёвых укладаў насельніцтва. Так, да 50 працэнтаў гадавых павышаны працэнтныя стаўкі па пастаянна даступных і двухбаковых аперацыях падтрымкі ліквіднасці банкаў. Гэта, у сваю чаргу, прывядзе да прапарцыянальнага павелічэння ставак па дэпазітах у нацыянальнай валюце. Усімі буйнымі банкамі ўведзены тэрміновы гарантаваны ашчадны ўклад з механізмам індэксацыі рублёвых зберажэнняў пры змяненні абменнага курса беларускага рубля. «Грамадзяне могуць свае сродкі пакласці на гэтыя ўклады і мець высокую даходнасць у адрозненне ад тых, хто абмянялі беларускія рублі, паклалі сабе ў кішэнь і нясуць цяпер страты ў сувязі з гэтым. Але гэта іх справа», — адзначыў прэм’ер-міністр.
Пры гэтым любы грамадзянін можа купляць і прадаваць валюту без абмежаванняў. «У насельніцтва ёсць права выбару. Калі хочаце памяняць свае рублі на долары — калі ласка, свадобна, але заплаціце пры гэтым камісію 30 працэнтаў. Таму што ў нас у краіне столькі долараў няма і не можа быць, для таго каб задаволіць запросы пад поўную патрэбнасць», — сказаў Міхаіл Мясніковіч.
Мараторый на рост цэн засцеражэ грамадзян ад галапіруючага павышэння кошту тавараў — Наркевіч
«Каб у перадсвяточны час ажыятажнага попыту не было імклівага павышэння цэн і з улікам іншых абставін, Міністэрства гандлю прыняло рашэнне ўвесці мараторый на рост цэн як у розніцы, так і цэн, якія адпускае вытворца або пастаўшчык, магчыма, нават імпарцёр. Гэта значыць, каб увесь ланцужок па цане тавараў не павышаўся. Гэта рашэнне засцеражэ грамадзян ад галапіруючага павышэння цэн», — адзначыла намеснік міністра гандлю Ірына Наркевіч.
Яна нагадала, што Міністэрства гандлю атрымала дадатковыя паўнамоцтвы, звязаныя з магчымасцю прыпынення або спынення дзейнасці магазінаў.
«Усе нашы рашэнні звязаны з заканадаўствам аб гандлі, цэнаўтварэнні і, вядома, абароне правоў спажыўцоў», — канстатавала намеснік міністра.
Валютны збор не паўплывае на кошт бензіну і дызпаліва на беларускім рынку
Уведзены валютны збор у памеры 30 працэнтаў не паўплывае на кошт бензіну і дызельнага паліва на беларускім рынку. Аб гэтым заявіў 20 снежня журналістам у Савеце Міністраў старшыня канцэрна «Белнафтахім» Ігар Ляшэнка.
«30-працэнтны збор не распаўсюджваецца на закупкі нафты, адпаведна цэны на нафтапрадукты застаюцца на тым жа ўзроўні, які мы з вамі сёння бачым», — сказаў кіраўнік канцэрна.
Адказваючы на пытанне, калі можа адбыцца чарговае павышэнне цэн на бензін і дызпаліва, якія ў кастрычніку былі прывязаны да долара, Ігар Ляшэнка сказаў: «Гэта адбудзецца па меры таго, як такая неабходнасць узнікне».
Як паведамлялася, 19 снежня Нацбанк Беларусі заявіў аб часовым увядзенні 30-працэнтнага збору пры куплі валюты юрыдычнымі і фізічнымі асобамі. Такое рашэнне прынята з улікам павышанага попыту на долары і еўра на ўнутраным валютным рынку.
Прадпрыемствы і банкі будуць выплачваць збор пры куплі валюты на біржы, грамадзяне — у выглядзе камісіі ў банках. Выплачаныя сродкі накіруюць у бюджэт. Акрамя таго, усе буйныя беларускія банкі ўводзяць тэрміновы гарантаваны ашчадны ўклад з механізмам індэксацыі рублёвых зберажэнняў пры змяненні абменнага курса беларускага рубля.
Мінгандаль перасцярог аб’екты гандлю ад самавольнага закрыцця
Гандлёвыя аб’екты не павінны закрывацца без узгаднення рашэння аб закрыцці з адміністрацыямі раёнаў, на тэрыторыі якіх знаходзяцца. Аб гэтым заявіла журналістам намеснік міністра гандлю Беларусі Ірына Наркевіч.
«Мы не раілі б аб’ектам гандлю адыходзіць у «кароткатэрміновы водпуск на няпэўны перыяд». Таму што магазіны ў нас адкрываюцца, ідзе рост інфраструктуры, каб зручна было для грамадзян. І выканкамы не проста так прадастаўляюць месцы для гэтых магазінаў, каб яны самавольна закрываліся», — адзначыла Ірына Наркевіч.
Яна нагадала, што суб’екты гандлю абавязаны такія дзеянні ўзгадняць з адміністрацыяй раёна, на тэрыторыі якога яны знаходзяцца, таму што выканаўчая ўлада нясе адказнасць за абслугоўванне грамадзян. «Таму не можа быць: проста захацеў — і закрыў», — падкрэсліла намеснік міністра.
Мінгандаль Беларусі прыпыніў работу 13 інтэрнэт-магазінаў, спынена дзейнасць оnliner.by
Міністэрства гандлю Беларусі прыпыніла работу 13 інтэрнэт-магазінаў, спынена дзейнасць оnliner.by за парушэнне заканадаўства аб гандлі.
«Міністэрства гандлю як рэгулятар было рада, што інтэрнэт-гандаль у краіне актыўна развіваецца. Але апошнім часам чамусьці нашы інтэрнэт-магазіны раптам палічылі, што ўведзены мараторый на павышэнне цэн і наогул заканадаўства нашай краіны іх не датычацца. Вядома, гэтага не павінна быць, таму сёння мы закрылі 13 інтэрнэт-магазінаў. Акрамя таго, тром інтэрнэт-пляцоўкам выпісаны папярэджанні», — адзначыла 20 снежня намеснік міністра гандлю Беларусі Ірына Наркевіч.
Паводле яе слоў, у Міністэрстве гандлю прааналізавалі сітуацыю з інтэрнэт-магазінамі ў цэлым і прыйшлі да высновы, што ў многіх выпадках менавіта пляцоўкі садзейнічаюць таму, каб сегмент захліснуў галапіруючы скачок цэн. У сувязі з выяўленымі Міністэрствам гандлю Рэспублікі Беларусь парушэннямі ўладальнікам інтэрнэт-рэсурсу onliner.by заканадаўства аб гандлі, якое ў тым ліку рэгулюе парадак рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) з выкарыстаннем сеткі Інтэрнэт, і непрыняцці ў раней устаноўленыя тэрміны мер па іх устараненні, 20 снежня 2014 года прынята рашэнне аб выключэнні адпаведнага даменнага імя з рэестра нацыянальнай даменнай зоны. «Таму сёння спынена дзейнасць самай буйной пляцоўкі — Оnliner.by», — канстатавала намеснік міністра.
«Мы на працягу года неаднаразова выносілі папярэджанні гэтай пляцоўцы, штрафавалі Чамусьці яны палічылі, што па-за законам», — адзначыла Ірына Наркевіч.
Пры гэтым Ірына Наркевіч падкрэсліла, каб аднавіць сваю дзейнасць, інтэрнэт-пляцоўцы будзе неабходна пракантраляваць усе магазіны, якія знаходзяцца на яе полі, і прыняць меры па выкананні прадаўцамі патрабаванняў заканадаўства.
Міністэрства гандлю Беларусі мае намер прымаць усе неабходныя меры, аж да закрыцця і прыпынення работы аб’ектаў інтэрнэт-гандлю ў выпадку парушэння імі ўстаноўленых правіл і заканадаўства.
З 22 снежня актывізуюць удзел у праверках магазінаў Міністэрства аховы здароўя, Дзяржстандарт і Мінсельгасхарч
Аб гэтым паведаміў начальнік упраўлення кантролю спажывецкага рынку — гандлёвай інспекцыі Міністэрства гандлю Валяр’ян Бяспалы.
«Цяпер удзел у маніторынгавых мерапрыемствах, накіраваных на ацэнку сітуацыі з выкананнем аб’ектамі гандлю заканадаўства (у тым ліку аб цэнаўтварэнні), акрамя спецыялістаў Мінгандлю, удзельнічаюць работнікі Міністэрства аховы здароўя, Дзяржстандарта і Мінсельгасхарча, — сказаў Валяр’ян Бяспалы. — З 22 снежня ўдзел у праверках магазінаў гэтых ведамстваў стане больш актыўным».
Начальнік упраўлення адзначыў, што цяпер Мінгандаль сумесна з упраўленнямі гандлю абласных выканаўчых камітэтаў збірае інфармацыю аб тым, наколькі дакладна выконваюцца аб’ектамі гандлю патрабаванні заканадаўства аб цэнаўтварэнні. «У выпадку калі паступаючыя, у тым ліку распаўсюджваемыя ў сацыяльных сетках, даныя аб парушэннях пацвердзяцца, будуць прыняты адпаведныя меры, у тым ліку ў выглядзе праверак суб’ектаў гаспадарання і прымянення адпаведных мер уздзеяння», — сказаў ён.
Начальнік гандальінспекцыі паведаміў, што з пачатку снежня прыпынена дзейнасць 32 аб’ектаў гандлю па ўсёй рэспубліцы.
«Калі такая мера, як прыпыненне работы, не падзейнічае на магазіны, і парушэнні не будуць устаранёны своечасова, давядзецца прымяніць больш жорсткую меру — закрыцце такіх аб’ектаў», — падкрэсліў Валяр’ян Бяспалы.
Рашучыя меры адносна магазінаў-парушальнікаў нельга трактаваць як барацьбу з прыватнікам — Чаканаў
Рашучыя меры, якія прымаюцца Мінгандлем адносна аб’ектаў гандлю, што дапускаюць у рабоце парушэнні заканадаўства, нельга трактаваць як барацьбу з прыватнікам. Аб гэтым заявіў 21 снежня ў эфіры тэлеканала АНТ міністр гандлю Валянцін Чаканаў.
«На працягу апошніх 15 гадоў Мінгандаль працуе ў асноўным з прыватным гандлем, прычым больш як 90 працэнтаў гандлёвых аб’ектаў у Беларусі — прыватнай формы ўласнасці», — адзначыў Валянцін Чаканаў. Адпаведна, прымаемыя меры не могуць мець на мэце барацьбу з прыватнікам, яны накіраваны на ўстараненне дапушчаных парушэнняў заканадаўства аб гандлі і абарону спажыўцоў.
Міністэрства гандлю ў снежні прыпыніла дзейнасць 32 магазінаў, у тым ліку што належаць гандлёвым сеткам «Электрасіла», «Гіпа», «5-ы элемент», «Мегатоп», а таксама салона керамічнай пліткі «Студыя Квадра» ў Мінску. У магазінах былі выяўлены факты падману спажыўцоў, невыканання асартыментных пералікаў, рэалізацыі тавараў са скончаным тэрмінам годнасці (мыйныя сродкі, картрыджы, сродкі для чысткі і інш.), адсутнасці цэннікаў, інфармацыі аб таварах на беларускай або рускай мове, аб краіне паходжання, анатацый з асноўнымі тэхнічнымі характарыстыкамі і іншыя парушэнні.
Валянцін Чаканаў нагадаў, што пакупнікі, якія выявілі рост цэн у магазінах ці на рынках, могуць паведаміць аб гэтым на гарачую лінію Міністэрства гандлю (8017-200-92-02).



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *