
Штогод напярэдадні навагодніх свят тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Шаркаўшчынскага раёна праводзіць шматлікія культурна-масавыя мерапрыемствы для розных катэгорый насельніцтва. Асабліва цікава і запамінальна праходзяць яны для дзяцей. 29 снежня віншаванні ад Дзеда Мароза і Снягурачкі, а таксама іншых казачных персанажаў, прагучалі ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў. Дзякуючы ўмела распрацаванаму сцэнарыю, шчыраму і творчаму выступленню выхаванцаў цэнтра ранішнік прыйшоўся даспадобы не толькі дзецям, але і іх бацькам, гасцям, якія наведалі мерапрыемства. Прыемна было бачыць іскрынкі радасці ў вачах дзетак, якія з задавальненнем расказвалі Дзеду Марозу вершы, спявалі песні, дружна вадзілі карагоды. У сваю чаргу Дзед Мароз з дапамогай сваёй унучкі Снягурачкі падараваў усім добры настрой, кожнага ўдзельніка пачаставаў смачнымі ласункамі. Дырэктар ТЦСАН Іна Вячаславаўна Прыстаўка ад шчырага сэрца павіншавала хлопчыкаў і дзяўчынак з надыходзячым 2015-м годам, пажадала моцнага здароўя, выказала словы падзякі загадчыку аддзялення Таццяне Мар’янаўне Клімзе і ўсім яго работнікам за сумленную працу і добрыя адносіны да сваіх выхаванцаў. Да прысутных з віншаваннямі звярнулася начальнік упраўлення па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама Вера Барысаўна Жук:
— Няхай гэтыя святочныя дні будуць сагрэты вашымі ўсмешкамі, цеплынёй вашых сэрцаў, жаданнем рабіць дабро і дараваць людзям радасць.
Выхаванцы аддзялення падарылі ў гэты дзень прысутным сапраўдную навагоднюю казку, тым самым падцвердзіўшы, што цуды, калі ў іх верыць, абавязкова збудуцца.
Сяргей ВЫСОЦКІ.