Маладзёжны калектыў з Шаркаўшчыны заняў першае месца на фестывалі «Зорка Бэтлеему» ў Міёрах

Актуальное

(злева направа) музычны кіраўнік Святлана Гірстун, Кацярына Петух, Віталій Гірстун, духоўны кіраўнік ксёндз-дэкан Крыштаф Сілкоўскі, Марыя Стральчонак, Святлана Клімза, Юлія Сіповіч
(злева направа) музычны кіраўнік Святлана Гірстун, Кацярына Петух, Віталій Гірстун, духоўны кіраўнік ксёндз-дэкан Крыштаф Сілкоўскі, Марыя Стральчонак, Святлана Клімза, Юлія Сіповіч

На пачатку студзеня ў 14 раз у Міёрах праводзіўся конкурс песень фестывалю “Зорка Бэтлеему” з удзелам дзяцей і моладзі Віцебскай дыяцэзіі. У песнях праслаўлялі Божае нараджэнне маладыя людзі з Пастаў, Друі, Слабодкі, Варапаева, Браслава, Наваполацка, Віцебска, Міёр, Шаркаўшчыны і нават пажадалі паўдзельнічаць у конкурсе каляднай песні госці з Магілёва. Падалі заяўкі на выступленне каля 15 калектываў. Дарэчы, наш калектыў прымаў удзел у такім конкурсе ўжо ў пяты раз, кожны год выступаючы паспяхова.
Пасля ранішняй службы ў касцёле вернікі і ўдзельнікі конкурсу накіраваліся ў раённы Цэнтр культуры. Адкрыў фестываль малітвай пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, ініцыятар-арганізатар конкурсу ксёндз Крыштаф Міянкіна. Ён сардэчна вітаў гасцей і гледачоў, якія запоўнілі глядзельную залу Цэнтра культуры. Шаноўным госцем на мерапрыемстве быў ксёндз-біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Ён пажадаў канкурсантам прыемных уражанняў ад сустрэчы, шчырага натхнення і бласлаўлення.
Шаркаўшчынская група маладых спевакоў выканала песні “А ўчора з вячора”, “Каляда” і “Ночка ціхая, зарыстая”. Спявалі Святлана Клімза, Ірына Мікулан, Марыя Стральчонак, Дар’я Маляўка і Кацярына Петух. Ім акампанавалі Віталій Гірстун, Юлія Сіповіч і Святлана Пятроўна Гірстун (кіраўнік калектыва).
З вялікім хваляваннем усе чакалі вынікаў конкурсу, які ацэньвае кампетэнтнае журы. І вось радасці не было межаў. Маладзёжны калектыў з Шаркаўшчыны заняў першае месца. У якасці ўзнагароды атрымалі гітару і іншыя падарункі.
А, вярнуўшыся дадому, нашы юныя артысты праспявалі тыя ж калядныя песні вернікам касцёла Узвышэння Святога Крыжа.
К. СОСНА, кіраўнік літаратурна-музычнага аб’яднання «Світанак».

Фота Сяргея ВЫСОЦКАГА.

IMG_0752



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *