Сёлетні год азнаменаваны значнай датай у гісторыі нашай краіны — 70-годдзем Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай ваёне. Не гасне боль ад жудасных часоў ваеннага ліхалецця ў памяці жывых сведкаў той пары — ветэранаў, працаўнікоў тылу, непаўналетніх дзяцей і ўсіх астатніх, каго не абмінула вайна 1941-1945 гадоў. На жаль, чалавек не падуладны часу. Усё менш сярод нас застаецца жывых ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай, хто ў поўнай меры можа расказаць сённяшняму пакаленню грамадзян пра бязлітасную барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Жыхар вёскі Гуркі Радзівон Іларыёнавіч Шпец, дзіцячыя і юнацкія гады якога выпалі на палаючы агнём Вялікай Айчыннай вайны час, даслаў нам у рэдакцыю ліст. У ім мужчына дзеліцца сваімі ўспамінамі пра вайну і выказвае ўласныя думкі ў імя зберажэння міру на зямлі.
— Калі нашу мясцовасць акупіравалі нямецка-фашысцкія захопнікі, мне было крыху больш дзесяці год, — піша Радзівон Іларыёнавіч. — Я ў меру сваіх сіл, здольнасцей і магчымасцей стараўся прынесці якую-небудзь карысць партызанам, якія дыслацыраваліся ў нашых лясах. Па заданні народных мсціўцаў я, рызыкуючы жыццём, неаднаразова хадзіў пешшу ў Шаркаўшчыну, дзе размяшчаўся варожы гарнізон, з мэтай выяўлення колькасці тэхнікі, узбраення і жывой сілы праціўніка ў гарадскім пасёлку. Мая сціплая дапамога давала магчымасць партызанам наносіць агнявыя ўдары па гітлераўскіх злучэннях.
Добра памятаю той майскі ранак 1945 года, калі голас дыктара з радыёрэпрадуктара абвясціў пра сканчэнне вайны. Вяскоўцы радасна віталі адзін аднаго, у абдымках віншавалі з доўгачаканай Перамогай над фашысцкай Германіяй.
З таго часу прайшло семдзесят год, вырасла не адно пакаленне людзей у нашай свабоднай краіне, якому не вядомыя голад і нястача, разбурэнне і смерць. У суровыя гады Вялікай Айчыннай вайны савецкі народ здзейсніў бессмяротны подзвіг у імя свабоды, незалежнасці і міру на ўсёй планеце. Нам і нашым нашчадкам трэба заўсёды памятаць пра гэта, каб ніколі больш не паўтарылася такая трагедыя для ўсяго чалавецтва.
Сяргей РАЙЧОНАК.
