Традыцыйны народны касцюм з’яўляецца адным з найгалоўнейшых кампанентаў, па якім вызначаецца адметнасць культурнай прасторы таго або іншага рэгіёну. У ім увасабляюцца эстытычны густ, этычныя погляды і рэлігійныя вераванні народа. У гэтым цалкам пераканана дырэктар раённага Цэнтра рамёстваў Вікторыя Дубоўская:
— Касцюм, — піша яна, — дае ўяўленне пра разнастайныя віды народнага мастацтва: ткацтва, вышыўку, гарбарства, вязанне, пляценне і іншыя. Арнаментальныя ўзоры на ім выконваюць ролю абярэга. Па народным строі вызначаюць гістарычны перыяд існавання вопраткі, да якога саслоўя адносіўся чалавек, які яе насіў, на якое свята або для якога абраду гэта адзенне выкарыстоўвалася. Майстры раённага Цэнтра рамёстваў паставілі перад сабой мэту — адрадзіць даўнейшы шаркаўшчынскі строй, адшукаць яго адметныя рысы, арнаментальныя матывы і гэтак далей. Таму мы звяртаемся да ўсіх жыхароў раёна за любой магчымай дапамогай у гэтым накірунку. Зазірніце, калі ласка, у свае сямейныя фотаальбомы. Магчыма, у кагосьці знойдзецца фотаздымак пачатку 20-стагоддзя, на якім адлюстраваны вашы родныя, іх сябры ці знаёмыя ў вышытай вопратцы. Верагодна, што ў некаторых жыхароў населеных пунктаў, асабліва аддаленых і маленькіх вёсачак, яшчэ захоўваецца саматканае адзенне, якое даўно не ўжываецца па свайму непасрэднаму прызначэнню, але можа ўяўляць вялікую каштоўнасць для далейшага вывучэння як гістарычны артэфакт. У такіх выпадках мы просім падзяліцца інфармацыяй з майстрамі раённага Цэнтра рамёстваў, які размешчаны па адрасе: г. п. Шаркаўшчына, вуліца Заслонава, 2, тэлефон 4-15-18. Будзем рады выслухаць кожнага.
Сяргей РАЙЧОНАК.
