У аснове работы лаўрэата звання “Чалавек года Віцебшчыны-2014” Віктара Катовіча — увага да людзей

Актуальное

465Такога жыццёвага прынцыпу прытрымліваецца старшыня Іёдскага сельскага Савета дэпутатаў Віктар Віктаравіч Катовіч. Для гэтага чалавека, які нязменна працуе на дадзенай пасадзе амаль трыццаць год, першачарговымі задачамі ў рабоце з’яўляюцца вырашэнні шматлікіх пытанняў дастойнага жыццезабеспячэння мясцовага насельніцтва. У 43 населеных пунктах сельсавета, тры з якіх — аграгарадкі Іёды, Буеўшчына, Шыці, пражывае больш 1770 чалавек. Вытворчую дзейнасць ажыццяўляюць тры сельгспрадпрыемствы (“Буеўшчына”, “Юдыцына” і “Даватарскі”), Іёдскае лясніцтва, сем аб’ектаў гандлю рознай формы ўласнасці, функцыянуе 12 устаноў сацыяльнай сферы, два аддзяленні паштовай сувязі. У аснове стабільнай працы вышэйпералічаных прадпрыемстваў і ўстаноў немалаважная заслуга і старшыні сельскага Савета.
Віктар Віктаравіч, які мае багаты практычны вопыт у вырашэнні пастаўленых перад сельвыканкамам задач, пастаянна каардынуе і накіроўвае ў патрэбнае рэчышча дзейнасць дэпутацкага корпуса, работу старэйшын вёсак, аказвае ім дзейную дапамогу і падтрымку.
У сельскім Савеце вялікая ўвага надаецца пытанням добраўпарадкавання населеных пунктаў, месцаў баявой славы, воінскіх і грамадзянскіх пахаванняў. У мінулым годзе на работы, звязаныя з добраўпарадкаваннем, накіравана звыш 44 мільёнаў рублёў, на рамонт дарог — 40 мільёнаў. Значную падтрымку і дапамогу ў навядзенні парадку на зямлі аказваюць арганізацыі з нашага райцэнтра, з Наваполацка, якія займаюцца высечкай дрэў, кустоўя, абкосам прылеглай да вытворчых і сацыяльных аб’ектаў тэрыторый, прыдарожных палос. Штогод складаюцца каштарысы на вызначаныя віды работ па лініі службы занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
У службовыя абавязкі старшыні сельскага Савета ўваходзіць абавязковае наведванне жыхароў населеных пунктаў з перыядычнасцю не меней, чым адзін раз у месяц. Нягледзячы на тое, што некаторыя складанасці можна вырашыць пры дапамозе звычайнага тэлефоннага званка або проста на пэўны час іх адтэрмінаваць, Віктар Віктаравіч цвёрда ўпэўнены, што толькі асабісты выезд на месца і непасрэдная сустрэча з жыхарамі, няхай і па самай невялікай праблеме, у поўнай меры могуць паўплываць на хутчэйшае і прадметнае вырашэнне таго або іншага пытання. “На гэтым грунтуюцца аўтарытэт кіраўніка любога рангу і павага да яго з боку насельніцтва”, — сцвярджае старшыня сельскага Савета.
Віктар Віктаравіч Катовіч — чалавек, пра якіх у народзе кажуць, што яны ад зямлі. Нарадзіўся ў вёсцы Навасельцы Германавіцкага сельсавета, скончыў Пастаўскае СПТВ. Працоўны шлях пачаў у якасці механізатара калгаса “Буравеснік” (зараз ААТ “Княж”). Атрымаўшы сярэднюю спецыяльную адукацыю ў Лужаснянскім сельскагаспадарчым саўгасе-тэхнікуме, узначаліў у родным калгасе агранамічную службу. Перад службай у войску некаторы час працаваў на пасадзе галоўнага агранома калгаса “Шлях Леніна” (зараз ААТ “Васюкі”). А з 1984 па 1986 гады з’яўляўся намеснікам старшыні па кормавытворчасці калгаса “Камінтэрн” (зараз ААТ “Буеўшчына”). Кіраўніцтва раёна бачыла выдатныя арганізатарскія здольнасці маладога і перспектыўнага спецыяліста. Таму не дзіўна, што ў хуткім часе Віктар Віктаравіч Катовіч быў абраны старшынёй Іёдскага сельскага Савета дэпутатаў.
За шматгадовую добрасумленную працу ў органах мясцовага кіравання, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, вялікі ўклад у рэалізацыю сацыяльнай і эканамічнай палітыкі Віктар Віктаравіч Катовіч неаднаразова ўзнагароджваўся Ганаровымі граматамі Віцебскага абласнога і Шаркаўшчынскага раённага Саветаў дэпутатаў, раённага выканаўчага камітэта. Па выніках працы за 2013 год яго імя занесена на Дошку гонару лепшых працаўнікоў Шаркаўшчынскага раёна.
Шостага лютага ў абласным цэнтры на цырымоніі ўзнагароджвання лаўрэатаў звання “Чалавек года Віцебшчыны-2014” Віктар Віктаравіч Катовіч быў адзначаны гэтай прэстыжнай узнагародай у намінацыі “Мясцовае кіраванне і самакіраванне”. Мы віншуем яго з такой знамянальнай падзеяй у жыцці, жадаем і надалей плённай працы на карысць Шаркаўшчынскага раёна і яго жыхароў!
Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *