
“Спецыяліст старой загартоўкі” — кажуць пра людзей, якія шчыра, сумленна і бездакорна працавалі ў розных сферах, а зараз знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Да іх ліку смела можна аднесці і былога эканаміста райсельгасхарчу Анну Адамаўну Таўкінь. 16 лютага надарылася выдатная магчымасць наведаць жанчыну дома. Нагодай таму стаў сямідзесяцігадовы юбілей Анны Адамаўны. З самага ранку імянінніца прымала віншаванні ад родных, сяброў і проста знаёмых людзей. Не абышлі ўвагай юбілей паважанага чалавека і прадстаўнікі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Цёплыя словы віншаванняў і пажаданняў выказалі ёй старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Леанід Зубовіч і галоўны спецыяліст па кадрах, грамадзянскай абароне і мабілізацыйнай рабоце райсельгасхарчу Міхаіл Гінзбург. Былыя калегі па працы ўручылі таксама памятны падарунак і букет кветак.
Анна Адамаўна ўсё сваё працоўнае жыццё прысвяціла сельскай гаспадарцы. Пасля заканчэння ў 1960 годзе Полацкага сельскагаспадарчага тэхнікума атрымала накіраванне на працу ў тагачасны калгас імя Даватара, дзе стала займацца пытаннямі эканомікі. У 1975 годзе завочна набыла вышэйшую адукацыю ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Разам з мужам Чаславам Валянцінавічам пабудавалі ўласны дом у райцэнтры, у якім пражываюць і зараз. Пераехаўшы ў 1980 годзе ў Шаркаўшчыну, Анна Адамаўна пэўны час працавала ў раённым фінансавым аддзеле, потым з 1986 года і да выхаду на заслужаны адпачынак — эканамістам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.
— Шмат складаных пытанняў трэба было своечасова вырашаць у такой галіне як эканоміка сельскай гаспадаркі, — успамінае Анна Адамаўна. — Адных толькі калгасаў і саўгасаў на той час у раёне налічвалася 24. І з кіраўніцтвам кожнага патрабавалася знайсці кантакт, навучыць спецыялістаў правільна весці эканамічную работу ў зададзеным накірунку. Спраўляцца з цяжкасцямі дапамагалі, канечне ж, спагадлівыя людзі, старэйшыя і больш вопытныя работнікі. І хоць вельмі часта прыходзілася да позняга вечара затрымлівацца на працы, дома ў мяне заўсёды быў надзейны тыл — муж Часлаў і дачушкі Святлана з Таццянай.
Як мы даведаліся, старэйшая дачка Святлана са сваёй сям’ёй пражывае ў Швейцарыі, з ёй бацькі штодзённа размаўляюць па скайпу. А Таццяна жыве і працуе ў Шаркаўшчыне. У той святочны дзень яна разам з дачкой Лізаветай прыйшлі да Анны Адамаўны, каб павіншаваць любімую матулю і бабулю з днём нараджэння, пажадаць дарагому чалавеку доўгіх і шчаслівых год жыцця ў атмасферы сямейнага дабрабыту і ўтульнасці.
Сяргей РАЙЧОНАК.
