Пры касцёле “Узвышэння Святога Крыжа” працуе нядзельная школа

Актуальное

маленькія наведвальнікі нядзельнай школы Кірыл Скавырка, Елізар Цыцын, Станіслаў Руткоўскі, Карына Кавалеўская, Вікторыя Шарубнёва, Кацярына Петух са сваёй настаўніцай
маленькія наведвальнікі нядзельнай школы Кірыл Скавырка, Елізар Цыцын, Станіслаў Руткоўскі, Карына Кавалеўская, Вікторыя Шарубнёва, Кацярына Петух са сваёй настаўніцай

Пры касцёле “Узвышэння Святога Крыжа” ў Шаркаўшчыне 17 год ажыццяўляе сваю дзейнасць нядзельная школа, дзе творча і цікава ў хрысціянскіх традыцыях, грунтуючыся на маральна-духоўных каштоўнасцях, праводзяцца заняткі па рэлігійным выхаванні. Дзеці вывучаюць Біблію і кнігі Святога Пісання, наведваюць богаслужэнні ў касцёле, спяваюць у хоры, знаёмяцца з фільмамі біблейскай тэматыкі, і абмяркоўваюць іх сюжэты. Настаўніца рэлігіі Галіна Іванаўна Трызна расказала нам, як праходзяць заняткі:
— Кожнаму ўзросту ўласцівыя ўнікальныя асаблівасці ўспрымання, якія варта ўлічваць. Заняткі праводзяцца для дзяцей з першага па адзінаццаты клас, запісацца і наведваць могуць усе жадаючыя. Навучальны год у нядзельнай школе пачынаецца ў верасні і заканчваецца ў маі. Кожны клас наведвае заняткі адзін раз ў тыдзень па буднях, а таксама дзеці прыходзяць на богаслужэнні ў нядзелю, дзе хлопчыкі служаць пры алтары. Вядома, маладыя людзі маюць права на ўласнае рашэнне. Ім вырашаць, што ў далейшым рабіць з тым, што яны набылі. Але як раз для таго, каб даць магчымасць выбару, мы і павінны пазнаёміць людзей з рэлігійнымі поглядамі.
Сваімі ўражаннямі ад заняткаў падзяліліся некаторыя наведвальнікі.
Кірыл Скавырка: “Я зразумеў, што трэба любіць свайго бліжняга як сябе самога, даведаўся пра каталіцкія святы, стаў больш паслухмяным”.
Карына Кавалеўская: “Заняткі ў нядзельнай школе прыблізілі мяне да Бога. Я больш стала хадзіць у касцёл і лепш стала вучыцца”.
Па словах Галіны Іванаўны, заняткі праходзяць у форме дыялогу, дзеці вучацца думаць і гаварыць, выказваць свае думкі і меркаванні, абмяркоўваюць найбольш хвалюючыя праблемы і шукаюць разам на іх адказы. Сярод старшакласнікаў застаецца актуальнай тэма станаўлення моладзі ў сучасным грамадстве, паважных адносін да акружаючых людзей. Трэба адзначыть, што ў наведвальнікаў нядзельнай школы шмат іншых захапленняў, многія хлопчыкі і дзяўчынкі актыўна займаюцца спортам, музыкай, маляваннем, наведваюць школу мастацтваў і адначасова вызначаюцца добрай паспяховасцю па агульнаадукацыйных прадметах у школе. У дзяцей, якія навучыліся разумна планаваць свой вольны час, многае атрымліваецца. А заняткі ў нядзельнай школе таксама дапамагаюць сучаснаму школьніку сфарміравацца як асобе, вызначыць важныя маральныя арыенціры і прынцыпы.
Сяргей ВЫСОЦКІ.

(злева на права) моладзь нядзельнай школы Антон Губскі, Аляксей Ананіч, Аляксандр Ананіч, Кацярына Скавырка, Антон Латышонак, Антон Заблоцкі, Ганна Александровіч, Ірына Мікулан з настаўніцай Галінай Трызна
(злева на права) моладзь нядзельнай школы Антон Губскі, Аляксей Ананіч, Аляксандр Ананіч, Кацярына Скавырка, Антон Латышонак, Антон Заблоцкі, Ганна Александровіч, Ірына Мікулан з настаўніцай Галінай Трызна


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *