16 лютага стартаваў раённы чэмпіянат Шаркаўшчынскага раёна па валейболе сярод мужчын, які праходзіць пад знакам памяці яго ранейшага нязменнага ўдзельніка — былога рэдактара раённай газеты Эдуарда Аляксандравіча Корсака.
Сёлета ў турніры ўдзельнічаюць 7 каманд: гэта дружыны РАУС (пераможцы мінулага турніра), аддзела адукацыі, спорту і турызму, ДБУ-26+РАНС, ААТ “Княж”, Лужкаўскай СШ+КУПСХП “Гарадзец”, Дэпартамента аховы, вучняў Шаркаўшчынскай СШ № 1.
Чэмпіянат праводзіцца ў спартзале па вуліцы Энгельса, 2/2 у два туры: першы пройдзе па кругавой сістэме. У другі тур (фінал спаборніцтваў) патрапяць 4 каманды, якія набралі найбольшую колькасць ачкоў у першым.
Галоўны суддзя Аляксей Курачонак абмеркаваў з удзельнікамі каманд арганізацыйныя моманты і правілы гульні, пасля чаго пачаліся валейбольныя баталіі. Адкрыўся чэмпіянат матчам паміж камандамі ДБУ-26+РАНС і РАУС. Ва упартай барацьбе перамаглі апошнія. Далей спаборнічалі каманды вучняў СШ № 1 і аддзела адукацыі, спорта і турызма. Першая партыя пачалася з роўнай барацьбы, але валейбалісты аддзела адукацыі, спорта і турызма перамаглі.
— Жаданне пагуляць у валейбол прывяло нас сюды, на пляцоўку, даводзіцца скакаць, біць па мячы, падаць, — дзеліцца ўражаннямі вучань СШ № 1 Дзмітрый Седзюкевіч. — Цудоўна, што ў нашым раёне праводзіцца такі турнір, які дае магчымасць аматарам валейбола паспаборнічаць у азартнай барацьбе.
Алена АНАНІЧ.
































