З сямейнай дынастыі міліцыянераў

Актуальное

840Сустрэўшы на вуліцы Таццяну Гардзееўну Марозаву ў грамадзянскім адзенні, ніколі не падумаеш, што яна працуе ў праваахоўных органах. Гэта прыгожая і энергічная жанчына расказала нам пра сябе і пра спецыфіку сваёй працы:
— Наш Шаркаўшчынскі край — гэта мая маленькая Радзіма. Тут я нарадзілася, вучылася ў школе, выйшла замуж, жыву, працую і выхоўваю дзяцей. Скончыла Віцебскі дзяржаўны універсітэт імя П. М. Машэрава, дзе вучылася на філалагічным факультэце. Але каб працягнуць сямейную традыцыю, вырашыла сваю прафесійную дзейнасць звязаць з працай у праваахоўных органах. Справа ў тым, што я з сям’і міліцыянераў. Мая маці Данііла Уладзіміраўна з’яўлялася супрацоўнікам пашпартнай службы 32 гады, а бацька Гардзей Аляксандравіч адпрацаваў больш за 20 гадоў у органах унутраных спраў. З самага дзяцінства я прымярала на сябе форму міліцыянера. Сёння ніколькі не шкадую аб абраным шляху і з кожным днём усё больш пераконваюся ў тым, што гэта менавіта тая праца, якой я хацела займацца.
Лічу, што ў аснову моцнай сям’і заўсёды закладваюцца “цаглінкі”кахання, павагі, узаемаразумення, даверу і агульных інтарэсаў. У маёй сям’і ўсё гэта ёсць. Мой муж Васілій Васільевіч таксама з’яўляецца супрацоўнікам міліцыі, а старэйшая дачка Марыя — студэнтка Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Яна абрала факультэт кіравання і права, па заканчэнні вучобы таксама плануе працаваць у праваахоўных органах. Малодшая дачка Анжаліка вучыцца ў другім класе.
У маёй працы не мала абавязкаў — гэта не толькі выдача пашпарта, як многія мяркуюць. Існуе мноства адміністрацыйных працэдур, якія выконвае наша служба: выдача віз, запрашэнняў, дазволаў на часовае і пастаяннае пражыванне, спецыяльных дазволаў, кантроль за рэжымам знаходжання замежных грамадзян і гэтак далей.
Выкананне ўсіх заданняў не магчыма без згуртаванага і дружнага калектыву, у якім працуюць Таццяна Вячаславаўна Баговіч і Святлана Мар’янаўна Фядотава.
Напярэдадні 8-га Сакавіка хачу пажадаць усім жанчынам, каб гэты дзень стаў для вас прыемна незабыўным. Няхай ваша дабрыня і каханне па-ранейшаму сагравае вашых блізкіх людзей, а прамяністая ўсмешка асвятляе ўсіх вакол.
Алена АНАНІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *