
Прыветлівая ўсмешка на вуснах, агеньчыкі радасці ў позірку вачэй і бязмежная душэўная дабрыня — усё гэта нельга не заўважыць у дзвюх сясцёр-блізнят з гарадскога пасёлка Галіны Уладзіміраўны Ермаловіч і Анны Уладзіміраўны Пяткевіч. Жанчыны падобныя не толькі знешне. Лёс ім вызначыў жыць побач адна каля адной, разам займацца любімымі справамі. Але самае галоўнае тое, што сёстры, абраўшы ў юнацтве прафесію педагога, ужо больш трыццаці пяці год займаюцца выхаваннем маленькіх жыхароў Шаркаўшчыны ў дзіцячых садках райцэнтра.
Анна Уладзіміраўна з 1978 года нязменна працуе выхавальніцай ясляў-сада № 5 у гарадскім пасёлку. Увесь гэты час яна дапамагае дзецям пазнаць дабрыню сэрца і душы людзей, што знаходзяцца з імі побач, вучыць любіць сваіх родных. Выхаванцы кожную раніцу сустракаюць Анну Уладзіміраўну радаснымі ўсмешкамі і шчырымі позіркамі вачэй, поўнымі даверу і пяшчоты.
Працоўны шлях Галіны Уладзіміраўны пачаўся з ясляў-сада № 2 г. п. Шаркаўшчына, дзе жанчына была выхавальніцай. Затым яна ўзначальвала калектыў дзіцячага сада № 1 раённага цэнтра. А на працягу апошніх дваццаці двух год Галіна Уладзіміраўна ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама курыруе працу дашкольных устаноў раёна, перадае свой вопыт малодшым калегам.
Аднойчы вялікі рускі педагог Канстанцін Ушынскі сказаў: “Калі вы ўдачна выберыце працу і ўложыце ў яе сваю душу, то шчасце само адшукае вас”. Так і атрымалася ў жыцці дзвюх сясцёр. Яны нарадзілі і вырасцілі цудоўных дзяцей: Анна Уладзіміраўна — сына Дзмітрыя, а Галіна Уладзіміраўна — дачку Вольгу. Зараз найвялікшую радасць ім дораць унучка Мілана і ўнук Фёдар.
— Праз гады прыйшло разуменне таго, што майстэрства педагога — не выпадковая ўдача і не шчаслівая знаходка, — кажа Галіна Уладзіміраўна, — гэта сістэматычная і карпатлівая праца над сабой, над дасягненнямі вяршынь уласнага поспеху.
— Чым больш унікаеш у сутнасць сваёй прафесіі, тым больш разумееш, што звязаў сваё жыццё з дзіўным светам дзяцінства, — дадае Анна Уладзіміраўна. — Бо менавіта ў дзяцінстве няма месца хлусні, фальшу. Тут усё будуецца на справядлівасці, шчырасці і ўзаемадапамозе.
Заўтра — 8 сакавіка, свята нашых мілых, адзіных і самых любімых жанчын. Кожны з нас, мужчын, будзе віншаваць дарагіх свайму сэрцу матуль, жонак, дачок. У гэтай святочнай мітусні вельмі важна не забыцца скарыстаць магчымасць і выказаць словы ўдзячнасці за шчаслівыя, поўныя радасці і светлых успамінаў гады сваім былым выхавальнікам і настаўнікам — цудоўным жанчынам, мудрасць, увага і клопат якіх вывелі нас у дарослае жыццё, зрабілі сумленнымі людзьмі і дастойнымі грамадзянамі нашай краіны.
Са святам вясны вас, мілыя жанчыны!
Сяргей РАЙЧОНАК.
