
“Ад пыхі бранзавей ці тай —
Жыццё не бэра-дуліна.
Як што не ладзіцца —
Чытай Рыгора Барадуліна”
Сцяпан Гаўрусёў.
Паўсюдна па краіне 24 лютага адбыліся культурныя мерапрыемствы, прысвечаныя 80-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Літаратурна-музычная гадзіна пад назвай “Чараўнік паэтычнай стыхіі” прайшла і ў чытальнай зале раённай бібліятэкі. Арганізатарамі мерапрыемства сталі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама на чале з Людмілай Стома, культурна-асветніцкі цэнтр імя Язэпа Драздовіча, якім кіруе Ада Райчонак.
На свята прыйшлі і тыя людзі, хто асабіста быў знаёмы з Рыгорам Барадуліным, удзельнікі народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак”, выкладчыкі і вучні дзіцячай школы мастацтваў і ўсе, каму неабыякава творчасць народнага паэта Беларусі. Пра знаёмства з Рыгорам Барадуліным, цеснае сяброўства і творчыя стасункі паведаміла Ада Райчонак. Яна ж прадаставіла зборнікі твораў паэта, а таксама карціны беларускіх мастакоў, на якіх намаляваны Рыгор Барадулін. Дадзеныя экспанаты з’яўляюцца часткай экспазіцыі літаратурна-мастацкага музея імя Міхася Райчонка. Асабіста знаёмы з Рыгорам Барадуліным быў і выкладчык дзіцячай школы мастацтваў Віктар Крук. Разам яны ўдзельнічалі ў пленэрах, культурных імпрэзах, разам шукалі творчае натхненне для стварэння сваіх будучых мастацкіх твораў. Пра гэта і расказаў наш зямляк у сваіх успамінах пра “дзядзьку Рыгора” — так цёпла і ласкава называлі Рыгора Барадуліна яго блізкія сябры і знаёмыя.
Прысутныя мелі выдатную магчымасць прагледзець дакументальную відэастужку пра жыццёвы і творчы шлях паэта. У той вечар гучалі яго вершы, успаміны. Удзельнікі аматарскага аб’яднання “Душевный уют” выканалі некалькі песень на словы Рыгора Барадуліна.
Нарадзіўся паэт у маляўнічых мясцінах на Ушаччыне ў 1935 годзе. Дзяцінства яго выпала на гады ваеннага ліхалецця. Пры вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх

захопнікаў у партызанскім атрадзе загінуў тата Рыгора — Іван Рыгоравіч. Таму выхаваннем хлопчыка займалася маці Акуліна Андрэеўна. Пазней паэт казаў, што галоўную ролю ў станаўленні яго як літаратара адыграла менавіта маці. Яе яркі вобраз часта сустракаецца ў кнігах “Трэба дома бываць часцей”, “Евангелле ад мамы”, “Песні матчыны з Вушаччыны”, “Навошта”.
Рыгор Барадулін скончыў у 1959 годзе філалагічны факультэт БДУ. Працаваў у рэдакцыях часопісаў “Бярозка” і “Полымя”, з’яўляўся рэдактарам газеты “Советская Белоруссия”. Выдавецтву “Мастацкая літаратура” ён аддаў больш дваццаці год свайго жыцця. Рыгор Барадулін быў не толькі таленавітым паэтам, але і выдатным перакладчыкам твораў замежнай літаратуры на беларускую мову. У 1976 годзе яму прысуджаны прэмія Ленінскага камсамола Беларусі і Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы за зборнік вершаў “Рум” і пераклад твораў іспанскага паэта, драматурга Гарсіі Лоркі. У 2006 годзе кандыдатура Барадуліна была сярод намінантаў на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры за зборнік вершаў “Ксты”. Многія людзі па праву лічаць яго “апошнім народным паэтам” нашай краіны, бо званне народнага паэта Беларусі Рыгору Барадуліну было прысвоена ў 1992 годзе.
Другога сакавіка споўніўся год, як перастала біцца сэрца славутага сына Беларусі. Пахаваны паэт, як і завяшчаў, на сваёй роднай Ушаччыне, побач з магілай маці Акуліны Андрэеўны.
Сяргей РАЙЧОНАК.














