Жыхарка вёскі Сасноўцы Лідзія Піліпаўна Палягошка адсвяткавала 100-гадовы юбілей

Актуальное

IMG_9878З самай раніцы прымала віншаванні жыхарка вёскі Сасноўцы Лідзія Піліпаўна Палягошка, якая 29 сакавіка адзначыла 100-гадовы юбiлей. Старшыня Іёдскага сельскага Савета дэпутатаў Віктар Віктаравіч Катовіч і першы намеснік начальніка Шаркаўшчынскага РАУС Аляксандр Раманоўскі шчыра павіншавалі пажылога чалавека, ўручылі кветкі, салодкія пачастункі і пажадалі яшчэ многа шчаслівых год жыцця. Трэба сказаць, што Лідзія Піліпаўна, нягледзячы на свой вельмі паважаны ўзрост, трымаецца, як кажуць, малайцом. Толькі ад такой агульнай ўвагі крыху захвалявалася. У гэты дзень Лідзія Піліпаўна атрымала ад спецыяліста аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Шаркаўшчынскага РАУС Таццяны Баговіч прыгожы букет кветак і новы пашпарт. Другі век бабуля-доўгажыхарка пачала з новым дакументам.
Двух сыноў і двух дачок выгадавала Лідзія Піліпаўна. На жаль, яе другой палавіны ўжо няма на гэтым свеце. Але без увагі родных ніколі не застаецца.
— Яна пра нас заўжды клапоціцца, — кажа яе сын Вячаслаў Фёдаравіч. — І ведаеце, мы яе дзеці вельмі шчаслівыя, таму што далёка не ў кожнага бывае такая магчымасць — у такім узросце абняць сваю матулю, пасядзець побач. Гэта сапраўды вялікае шчасце.
А можа, у Лідзіі Піліпаўны ёсць свой унікальны рэцэпт, які і дазволіў ёй жыць так доўга і захоўваць бадзёрасць?
— Які там рэцэпт? — задумваецца Лідзія Піліпаўна. — Усё жыццё шмат працавала, вайну перажыла, дзяцей вырасціла. Усяго было. Але, галоўнае, здароўе захавалася. Таму і лічу, што самае важнае для кожнага чалавека — быць здаровым. Тады і жыць можна.
— Мама нават у бальніцы ніколі не ляжала, — кажуць яе дзеці.
У той дзень ў доме Лідзіі Піліпаўны за святочным сталом сабралася ўся сям’я. Шмат цёплых слоў прагучала ў адрас юбіляркі. Далучаемся да іх і мы, зычым трывалага міру і цёплых адносінаў у яе сям’і — такіх, якія родныя і яна пабудавалі і захоўваюць разам ужо не адно дзесяцігоддзе.
Сяргей ВЫСОЦКІ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *