У другой палове красавіка ў чытальнай зале Шаркаўшчынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі адбылася сустрэча аматарскага аб’яднання “Жаночы Час”. Майстрыцы вязання аплікам падрыхтавалі выставу вырабаў на велікодную тэматыку, выкананыя сваімі рукамі. Выстава мела назву “Зноў светлае свята Хрыстова”. Такую ж назву мела і праграма, падрыхтаваная Таццянай Райчонак і Наталляй Сырцовай. Вядучыя расказалі прысутным гісторыю святкавання Пасхі, вялася гутарка пра народныя прыметы, абрады і звычаі, звязаныя са святам. Пагулялі ў захапляльныя гульні з велікоднымі яйкамі — “Біткі”, “Рускі боўлінг” і іншыя.
Таццяна Райчонак, Святлана Базарэвіч, Раіса Гракава артыстычна прадэманстравалі казку «Курачка Раба на новы лад».
Затым аўтары работ па чарзе прадстаўлялі свае кампазіцыі, знаёмілі гледачоў з тэхнікай і афармленнем вырабаў.
Велікодныя яйкі, кулічы і веснавыя кветкі, забаўляльныя цацкі, сурвэткі — усё гэта стала цэнтральнай тэмай мастацкіх работ самадзейных творцаў. Вязанне аплікам — вельмі займальны занятак, які аб’ядноўвае амаль 20 жанчын. У час гутаркі удзельніцы расказалі, што аплікам можна звязаць розныя вырабы ў рознай тэхніцы. Навучыцца вязаць дастаткова проста, кожны жадаючы можа даволі хутка асвоіць гэты від рукадзелля, таму аб’яднанне па інтарэсах карыстаецца папулярнасцю ў райцэнтры. Заняткі ў аматарскім аб’яднанні развіваюць назіральнасць, фантазію, клічуць у творчы пошук, у свет прыгажосці і мастацтва.
Сяргей ВЫСОЦКІ.



















