Кожны год з надыходам самых доўгіх летніх дзён і кароткіх начэй у аграгарадку Германавічы на беразе ракі Дзісна святкуюць Купалле па календары каталіцкай канфесіі. Па традыцыі праграма мерапрыемства пачалася са святочнай Імшы ў касцёле Перамянення Пана, якую правёў ксёндз Ян Пугачоў.
Падчас літургічнага слова святар падрабязна расказаў пра Святога Яна Хрысціцеля і гісторыю свята.
Затым усе вернікі ўрачыстым шэсцем з купальскім агнём рушылі да Германавіцкага амфітэатра каля якога пробашч касцёла запаліў вогнішча. Звяртаючыся да прысутных, ксёндз Ян заклікаў несці ў сэрцах дабрыню, любоў, спагаду да Бога і да кожнага чалавека, шчырымі словамі павіншаваў усіх са святам.
За чатыры гады свята стала сапраўдным брэндам Германавіч,
у ноч з 23 на 24 чэрвеня тут збіраюцца мясцовыя жыхары, прыязджаюць госці з суседніх вёсак, з райцэнтра. Прыемна бачыць, што на свята людзі прыходзяць сем’ямі і кожны знаходзіць для сябе шмат цікавага.
У арганізацыі народнага гуляння вялікая заслуга кіраўніцтва ААТ “Княж”, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, гандлю. Сёлета адпачываючых сустрэла добраўпарадкаваная пляцоўка на беразе ракі Дзісна. Ну а работу культработнікаў пераацаніць цяжка — святочная праграма ўдалася, пра што сведчылі шматлікія выказванні гасцей.
На пачатку вядучыя — дырэктар Цэнтра культуры і народных традыцый Вольга Сташкевіч і мясцовы артыст Пётр Касевіч — прывіталі землякоў, павіншавалі са святам Купалля, потым увазе гледачоў была прапанавана цікавая і насычаная тэатралізаваная праграма пад назвай “Як на Купалле Ясь жаніўся”.
Таксама на сцэну выходзілі мясцовыя артысты і госці Лужкаўскага СДК. Разам яны стварылі непаўторную атмасферу таямнічасці і ўрачыстасці, якая звычайна пануе ў ноч з 23 на 24 чэрвеня.
Любы жадаючы мог у гэты вечар атрымаць падарунак за удзел у шматлікіх забаўляльных конкурсах. Паспытаць удачу і выйграць прыз знайшлося нямала ахвотнікаў сярод мясцовых юнакоў, якія высока ўзлезшы на гульнёвы слуп, змаглі зняць з яго паперкі з назвай свайго падарунка.
Запрошаны на свята госць — намеснік старшыні райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі — павіншаваў ад імя раённай улады прысутных са святам, пажадаў усім добрага адпачынку.
З прывітальнымі словамі выступіла старшыня Германавіцкага сельскага Савета Алена Альбертаўна Рубін. Яна расказала пра тое, чым жыве сёння аграгарадок, падзякавала тым, хто прымае актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні населенага пункта. Бліжэй да апоўначы на стадыёне запалілі вялізнае вогнішча. Языкі полымя асвяцілі тэрыторыю навокал. Моладзь і ўсе, хто малады душой, танцавалі, весяліліся. Некаторыя адправіліся на пошукі папараць-кветкі. Віншаванні змяняліся музычнымі падарункамі ад Сяргея Гамановіча, Ірыны Буднік, Кацярыны Каснікоўскай, Яны Турко, Івана і Алесі Русецкіх і іншых.
Не ведаю, ці пашчасціла каму ў Германавічах знайсці чароўную кветку, але адпачылі ўсе добра і атрымалі шмат станоўчых эмоцый. А значыць, свята атрымалася!
Сяргей ВЫСОЦКІ.



































































































































































































