У сярэдзіне ліпеня жыхарка вёскі Сталіца Францішка Казіміраўна Рубніковіч адсвяткавала свой 90-гадовы юбілей. Павіншаваць паважанага чалавека з адметнай датай у жыцці прыйшлі старшыня Германавіцкага сельсавета Алена Рубін, намеснік дырэктара ААТ “Княж” Таццяна Бохан, работнікі Сталіцкага сельскага клуба і бібліятэкі Вера Лагун і Ірына Хаданёнак.
У кожнага чалавека — свой лёс, свая жыццёвая дарога. Гаротныя дзяцінства і юнацкія гады былі ў Францішкі Казіміраўны. З маладосці ёй давялося многа фізічна працаваць. У сям’і бацькоў акрамя яе раслі яшчэ дзве сястры. А каб зарабіць хоць-нейкія грошы для існавання, дзяўчына выехала ў Карэлію, працавала на лесапавале. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны яе разам з іншымі юнакамі і дзяўчатамі вывезлі на прымусовыя работы ў Германію. Вось, што ўспамінае жанчына пра той час:
— Калі прыйшлі немцы ў вёску, тых, хто не паспеў схавацца, схапілі і пад прымусам адвезлі на чыгуначную станцыю. Адтуль, рассадзіўшы ў вагоны, нас павезлі на Захад. Трапіўшы ў Германію, працавала ў баўэра (нямецкі селянін-землеўласнік — рэд.): дапамагала яго сям’і весці гаспадарку і няньчыць маленькіх дзетак. Ад раніцы да позняга вечара варыла ежу, мыла бялізну, даіла кароў. Гаспадары адносіліся да мяне добра, але ж кожны вечар я ўзлазіла на гарышча хаты і з вялікім болем у душы сіратліва паглядала ў тую старану, дзе была мая радзіма…
Бязмежным было шчасце жанчыны, калі ў 1945 годзе яна вярталася ў родныя мясціны. Хата Францішкі пасля вайны ўцалела. І хоць была яна без падлогі і з саламянай страхой, усё ж ад жытла веяла нечым цёплым і ўтульным. Бацька к гэтаму часу памёр, а маці ў вайну кантузіла. Каб зарабіць на пражыванне, Францішка пайшла па людзях шукаць самую розную працу, толькі б не памерці з голаду.
Асабістае шчасце, на жаль, не склалася. Па волі лёсу выйшла замуж за мужчыну намнога старэйшага — багатага ўдаўца з дзецьмі. Пяшчоты, ласкі і любові ён Францішцы не падарыў, як і агульных дзетак. Ужо больш трыццаці год жанчына жыве адна, побач няма ніводнага роднага, блізкага сэрцу чалавека.
— Але я на лёс не скарджуся, — кажа нам Францішка Казіміраўна. — Пакуль яшчэ ёсць сілы, саджу невялічкі агарод, даглядаю кветкі. Вельмі дапамагаюць спагадлівыя і чулыя суседзі. Дзяржава пра нас, састарэлых, клапоціцца. Летась прапаноўвалі пераехаць жыць у аддзяленне кругласутачнага прабывання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у Дзікеве, толькі не згадзілася я — у сваім доме мілей.
На развітанне жанчына, у вачах якой іскрыліся слёзы радасці, падзякавала за віншаванні, ласкава ўсміхнуўшыся, памахала нам услед рукой.
Сяргей РАЙЧОНАК.
