Сялянская праца ніколі не была лёгкай. Сучасная сельскагаспадарчая галіна адрозніваецца ад працы нашых дзядоў развітымі тэхналогіямі, якія шырока выкарыстоўваюцца ў жывёлагадоўлі, раслінаводстве, што дазваляе больш аблегчыць работу чалавека. Тым не менш, менавіта ад кожнага працаўніка, яго сумленных адносін да справы, залежаць і паказчыкі вытворчасці, і якасць прадукцыі.
У вёсцы Сямёнавічы Станіславоўскага сельсавета пражывае Марыя Зянонаўна Рамановіч. Жанчына з маленства працавала ў жывёлагадоўлі, была даяркай. Нарадзілася Марыя Зянонаўна ў вёсцы Мурзы, паблізу ад Кубелеўшчыны, у 1932 годзе. Сельскім дзецям ваеннай і пасляваеннай пары не было часу для вучобы ў школе, з юнацкіх гадоў трэба было працаваць, каб пракарміць сябе і сваіх родных. Таму Марыя, набыўшы толькі пачатковую адукацыю, пайшла працаваць на калгасную ферму. Пасля пажанілася. З мужам Геронціем пераехалі жыць у вёску Барок.
— У той час мы, даяркі, кароў даілі ўручную, — успамінае Марыя Зянонаўна. — У маім гурце было 18 галоў. Каровы былі высокаўдойныя бурай латвійскай пароды. Ад кожнай я атрымлівала звыш чатырох тысяч кілаграмаў малака ў год і па гэтых паказчыках сярод даярак нашай рэспублікі займала лідзіруючыя пазіцыі. Дзякуючы гэтаму ў 1958 годзе была абрана дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР. Памятаю, як аднойчы фотаздымак, на якім я знаходжуся сярод іншых дэпутатаў, быў змешчаны на абгортцы аднага з савецкіх часопісаў. Праўда, зараз цяжка ўспомніць, як называлася гэта перыядычнае выданне.
У 1960 годзе з мужам мы пераехалі жыць у Сямёнавічы. Тут я таксама працавала даяркай на мясцовай ферме, ажно да свайго выхаду на заслужаны адпачынак.
Зараз Марыі Зянонаўне ўжо 83 гады. Але яе жыццёваму аптымізму можна толькі пазайздросціць. Пажылая жанчына разводзіць каля сядзібы прыгожыя кветкі, мае дагледжаны агарод, а ў яе хаце — чысціня і парадак. Перыядычна да маці прыязджае яе дачка Тамара са Смаленска разам з сям’ёй, дапамагае справіцца з хатнімі клопатамі. Іх прыезду Марыя Зянонаўна заўсёды чакае з вялікім нецярпеннем, каб чарговы раз, сабраўшыся за цесным сямейным сталом, пагутарыць з роднымі і блізкімі ёй людзьмі.
Сяргей РАЙЧОНАК.
