Прафсаюзы павіншавалі пажылых людзей

Актуальное

былыя працаўнікі ДРБУ-131
былыя працаўнікі ДРБУ-131

1 кастрычніка ў Беларусі адзначаўся Дзень пажылых людзей. Гэта дата — не столькі напамін людзям старэйшага пакалення пра іх узрост, колькі цудоўная магчымасць для кожнага з нас падзякаваць сваім ужо немаладым бацькам, бабулям і дзядулям, ветэранам вайны і працы і ўвогуле ўсім тым, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку, за іх шматгадовую добрасумленную працу, цярпенне і дабрыню, уменне падтрымаць нас у няпростай сітуацыі.
Не забываюць пра былых калег і ў працоўных калектывах нашага рэгіёну. Як паведаміў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Віктаравіч Малюгін, у першы дзень кастрычніка шэраг цікавых сустрэч з прадстаўнікамі старэйшага пакалення было праведзена ў многіх арганізацыях і службах раёна. Значная ўвага ў час такіх мерапрыемстваў надавалася праблемам пажылых людзей, якія кіраўніцтва і прафсаюзныя камітэты арганізацый маюць магчымасць вырашыць. А асноўную частку святочнай праграмы складалі віншаванні і шчырыя словы ўдзячнасці ў адрас тых, хто пражыў дастойнае і не заўсёды простае жыццё, год за годам памнажаючы дабрабыт сваёй краіны і сваіх землякоў. Атмасфера ўтульнасці, якая ў гэты дзень панавала ў большасці працоўных калектываў, дапаўнялася невялікімі падарункамі, кветкамі і салодкімі пачастункамі. Цікавыя сустрэчы для сваіх былых калег арганізавалі і правялі ў працоўных калектывах сельгаспрадпрыемстваў раёна, ДРБУ-131, ЦБП № 224 “ААБ Беларусбанк”, некаторых іншых арганізацыях. Звыш 60 святочных паштовак і віншаванняў было адпраўлена людзям пажылога ўзросту, якія значную частку свайго жыцця працавалі ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы раёна. Былым работнікам медыцыны прадастаўлены бясплатны абанемент на комплекснае медыцынскае абследаванне і выкарыстанне лячэбных працэдур і паслуг. Усе, хто шмат гадоў адпрацаваў у сістэме адукацыі раёна, былі запрошаны на святкаванне Дня настаўніка.
А прадстаўнікі кіраўніцтва і прафкама ДБУ-26 напярэдадні Дня пажылых людзей наведалі сваіх былых супрацоўнікаў, павіншавалі іх са святам і ўручылі грашовыя прэміі. Не засталіся без увагі і былыя работнікі калектыву, якія зараз пражываюць на тэрыторыі Браслаўскага, Глыбоцкага і Міёрскага раёнаў.
— Традыцыя віншаваць пажылых людзей, якія працяглы перыяд часу працавалі ў нашай арганізацыі, з’явілася даўно, — расказала старшыня прафсаюзнага камітэта ДБУ-26 і спецыяліст па кадрах Ірына Іосіфаўна Варона. — Мы рэгулярна наведваем нашых ветэранаў працы, запрашаем іх у арганізацыю, віншуем з юбілеямі, Днём абаронцаў Айчыны, Днём жанчын, Днём пажылых людзей. Не зважаючы на пэўныя фінансавыя цяжкасці, з якімі ў наш час сутыкаюцца многія, кожны год мы робім усё магчымае, каб людзі, якія шмат гадоў працавалі ў ДБУ-26, не засталіся без увагі і атрымалі ў якасці падарункаў да свята грашовыя прэміі. Пастараемся, каб гэта добрая традыцыя захавалася на доўгія гады.
Вось і ў час прыходу карэспандэнта ў арганізацыю прысутнічалі людзі, якіх заўсёды там рады бачыць. Гэта Мікалай Васільевіч Косар, былы кіраўнік ДБУ-26, агульны стаж якога налічвае 45 год. Станіслаў Станіслававіч Чарвінскі 35 гадоў працаваў інжынерам-механікам, Мікалай Паўлавіч Новікаў на працягу 18 гадоў быў зваршчыкам.
За плячамі ўсіх пажылых людзей вялікае жыццё. А для паспяховага развіцця любога грамадства побач з ініцыятывай маладых абавязкова павінна быць жыццёвая мудрасць прадстаўнікоў старэйшага пакалення. Таму і ў першы дзень кастрычніка ўсе найлепшыя віншаванні адрасаваліся ўсім, хто дзень за днём, год за годам памнажаў дабрабыт нашага рэгіёну і добрасумленна працаваў для таго, каб дзецям і ўнукам, усім наступным пакаленням жылося лепш.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.

М. В. Косар, М. П. Новікаў і С. С. Чарвінскі — значная частка іх жыцця звязана з працоўным калектывам ДБУ-26
М. В. Косар, М. П. Новікаў і С. С. Чарвінскі — значная частка іх жыцця звязана з працоўным калектывам ДБУ-26


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *