Наталля Мікалаеўна Атрахімовіч — педагог, якога любяць і паважаюць вучні

Актуальное

Наталля Мікалаеўна Атрахімовіч з вучнямі 6 “А” класа
Наталля Мікалаеўна Атрахімовіч з вучнямі 6 “А” класа

Месяц таму назад залівісты голас першага званка абвясціў пра пачатак новага навучальнага года. Вучні віншавалі сваіх любімых настаўнікаў з гэтым святам, дарылі ім прыгожыя букеты кветак, усмешкі, пранікнёна чыталі вершы на ўрачыстых лінейках. А ўжо зараз, а менавіта ў першую нядзелю кастрычніка, хлопчыкі і дзяўчынкі зноў віншуюць педагогаў з іх прафесійным святам — Днём настаўніка.
Ён — гэты дзень — асаблівы ў жыцці кожнага педагога. Для маладых спецыялістаў — першы віншавальны. Для вопытных педагогаў — дзень прыемных сустрэч з былымі і сённяшнімі вучнямі. Для тых, хто зараз на заслужаным адпачынку, — гэта вяртанне ў часы маладосці, успаміны пра доўгі шлях, які яны праходзілі разам са сваімі выхаванцамі па краіне Ведаў.
З асаблівым настроем сустракае гэта свята адзін з найвопытнейшых педагогаў раёна, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1 гарадскога пасёлка Наталля Мікалаеўна Атрахімовіч. Жанчына свядома абрала для сябе прафесію настаўніка, каб вучыць падрастаючае пакаленне разумнаму, добраму і вечнаму.
— Я ніколі не забуду сваю першую настаўніцу Таццяну Ільінічну Крапошыну, — кажа Наталля Мікалаеўна. — Яе задумлівы позірк, уменне знайсці індывідуальны падыход да кожнага вучня, тонкае разуменне ўнутранага свету і псіхалогіі нас, маленькіх школьнікаў, назаўсёды пакінулі яркі ўспамін пра той далёкі час. Сёння я ўпэўнена магу сказаць, што не памылілася, калі пасля заканчэння Шаркаўшчынскай сярэдняй школы паступіла ў Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Кірава (зараз ВДУ імя П. М. Машэрава). Першыя педагагічныя крокі я рабіла на пасадзе настаўніка пачатковых класаў былой Амбросенскай няпоўнай школы, а з 1992 года працую ў СШ № 1 райцэнтра. Наогул, я лічу сябе шчаслівым чалавекам, бо заўсёды з добрым настроем крочу не на працу, а на чарговае спатканне з любімымі вучнямі, калегамі-настаўнікамі. Пасада намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце патрабуе многа сіл і вытрымкі для вырашэння пастаўленых перад табою задач. Разам з вопытнымі педагогамі нашай навучальнай установы мы стварылі творчыя групы настаўнікаў, якія працуюць з адоранымі дзецьмі. Гэта вучні 8-11 класаў, якія грунтоўна рыхтуюцца і паспяхова ўдзельнічаюць у этапах рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Таксама мы пільна сочым за арганізацыяй работы профільных класаў і класаў інтэграванага навучання.
У 2005 годзе сярэдняя школа № 1 удзельнічала ў праекце “Інавацыйная пляцоўка па менеджменце ў выхаваўчым працэсе”. Распрацаваная нашымі педагогамі праграма была станоўча адзначана і друкавалася на старонках расійскага часопіса “Классный руководитель”.
Аматары спорту добра ведаюць, што Наталля Мікалаеўна з’яўляецца яшчэ і валейбалісткай. Два разы ў тыдзень яна разам з іншымі жанчынамі — прыхільнікамі здаровага ладу жыцця — праводзіць трэніроўкі ў спартыўнай зале раённага Цэнтра культуры, паспяхова выступае у спартыўных спаборніцтвах раённага маштабу. Да таго ж сёлета Наталлі Мікалаеўне Атрахімовіч прысвоена Ганаровае званне “Чалавек года Шаркаўшчыны”.
Мы спыталі ў вопытнага педагога, з якім дэвізам яна крочыць па жыцці?
— Англійскі пісьменнік і дзяржаўны дзеяч 18 стагоддзя Філіп Чэстэрфілд сказаў: “Пракладвай шлях да розуму чалавека праз яго сэрца”. Гэты філасофскі выраз і з’яўляецца маім жыццёвым крэда, — адказала нам Наталля Мікалаеўна.
Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *