14 кастрычніка адзначаецца свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы

Актуальное

2bf2CAR19Zs

14 кастрычніка адзначаецца свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Само слова праваслаўная царква тлумачыла літаральна: пакроў (пакрывала) Божай Маці. Багародзіца пакрыла вернікаў белым пакрывалам і малілася за выратаванне свету ад нягод і пакут. У рэлігійнай практыцы рускай праваслаўнай царквы гэта свята стала адзначацца з сярэдзіны XII стагоддзя.

У народнай жа трактоўцы гэта паняцце атрымлівала куды больш шырокі сэнс, ахопліваючы самыя розныя прыкметы прыроды: «Святы Пакроў накрыў зямлю жоўтым лістом, маладым сняжком, ваду лёдам, пчалу мёдам», «Святы Пакроў стагі пакрыў: першы стажок дранічкамі, другі стажок саломкаю, трэці стажок белым снегам». Гаварылі, што зіма закрывае лета, а Бог пячатае зямлю пасля Пакрова, і да вясны ніхто не можа знайсці скарбаў. На Віцебшчыне існаваў звычай пячы на свята пірог і абыходзіць з ім усе гаспадарчыя будынкі, прыкладаючы да кожнай страхі, каб вятры, што пачынаюцца ад Пакрова, не разбуралі стрэх. Прыгадаем, што абыходзілі з хлебам палеткі вясною і менавіта на Юр’я, калі зямля «адмыкаецца» ад сіл, якія скавалі яе. Юр’е і Пакроў яднаюцца між сабою тым, што з першым звязаны выган жывёлы пасля зімы, а з другім — пачатак зімавання скаціны ў хляве («Пакрова — зарыкала ў хляве карова»). На Пакроў трэба было закласці ў яслі корму, нават калі жывёла была сытая («На Пакровы дай сена карове»).

Пакроў лічыўся надзейным паказчыкам прагнозаў надвор’я на даволі аддаленыя дні і нават на цэлыя поры года — «Калі да Пакрова дня снег не пакрые зямлю, то і на Каляды не будзе снегу», «Якое надвор’е ў дзень Пакрова, такое яно і будзе ўсю зіму да вясны» і іншыя. Асабліва пільна сачылі на Пакроў за напрамкам ветру: з якога боку ён быў у гэты дзень, з таго боку ён павінен дзьмуць галоўным чынам і ў бліжэйшую зіму. Зыходзячы з таго пераканання, што поўдзень заўсёды нясе цяпло, а поўнач — холад, сцвярджалі, што паўночны пакроўскі вецер прадказвае суровую зіму, а паўднёвы — мяккую. Калі ж з раніцы задзьме ўсходні вецер — зіма будзе маласнежная, заходні — наадварот, вельмі снежная. Прагноз на свае поспехі ці няўдачы рабілі некалі ў Барысаўскім павеце пчаляры: дажджлівы дзень Пакрова — прыкмета таго, што на наступны год пчолы збяруць багата мёду. У гэту вясельную пару хлопцы па вёсках выглядалі сабе нявест, а тыя напярэдадні Пакрова варажылі на замужжа. На Брэстчыне набіралі ў фартух апалае лісце і пасля вытрасалі — куды вецер панясе, туды і замуж ісці. У іншых мясцінах пяклі салёныя блінцы і перад сном з’ядалі, задумваючы, каб сасніўся і напаіў той, хто наканаваны лёсам. Ад Пакрова працягвалася пара восеньскіх вяселляў, якія можна было ладзіць да Піліпаўскага посту.

А. СУХАВЕРСКАЯ,

метадыст па фальклоры РЦК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *