Вуліца імя Баговіча ў аграгарадку Радзюкі: няспешным крокам 30 год

Актуальное

Маленькія жыхары — будучыня вуліцы імя Баговіча
Маленькія жыхары — будучыня вуліцы імя Баговіча

“У ранку ліпы і клёны шэптам лісцеў зялёных
Прывітальна сустрэнуць мяне.
І таполі, рабінкі кожнай тонкай галінкай
Тут, на вуліцы роднай, свае…”
Людміла Ардынская.
Аграгарадок Радзюкі — першы населены пункт, які размешчаны на ўездзе ў наш раён з боку Глыбокага на аўтамабільнай трасе Р-3. Гэта абумоўлівае неабходнасць заўсёды мець добраўпарадкаваны від, каб у праезджых людзей заставалася прыемнае ўражанне ад наведвання Шаркаўшчынскага раёна. Радзюкі з’яўляюцца цэнтрам сельсавета і галоўнай сядзібай сельгаспрадпрыемства імя Маркава. Тут маюцца базавая школа, сельскі Дом культуры і бібліятэка, фізкультурна-спартыўны цэнтр, ФАП, гандлёвыя кропкі, аддзяленне банка.
У 2008 годзе вёска Радзюкі набыла статус аграгарадка. Сем год назад у межах дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла тут правялі рэканструкцыю аб’ектаў сацыяльна-культурнага прызначэння і вытворчай сферы. З’явіліся новыя заасфальтаваныя вуліцы з сучаснымі жылымі дамамі.
Але яшчэ ў пачатку 1980-х гадоў, калі сельгаспрадпрыемства імя Маркава ўзначальваў Аляксандр Аляксандравіч Баговіч, на цэнтральнай сядзібе гаспадаркі пачалі ўзводзіцца новыя вытворчыя аб’екты, будавацца жывёлагадоўчыя фермы. Як успамінае жыхарка пасёлка Людміла Іосіфаўна Ардынская, у Радзюках у той час імкліва ішла будоўля: з’явіліся двухпавярховы будынак сельскага Савета, гандлёвы цэнтр, медыцынская ўстанова, дзіцячы сад і іншыя аб’екты.
Але найважнейшым накірункам у паляпшэнні дабрабыту жыхароў сельскай мясцовасці дырэктар саўгаса імя Маркава лічыў узвядзенне для работнікаў сельгаспрадпрыемства жылля. Не зважаючы на шматлікія цяжкасці, Аляксандр Аляксандравіч Баговіч усе ўзнікаючыя праблемы ў будаўніцтве вырашаў уласна. Ён асабіста накіроўваўся ў камандзіроўкі на буйныя прадпрыемствы Савецкага Саюза, каб тэрмінова і без перашкод у саўгас паставіць патрэбныя будматэрыялы.
У лістападзе 1985 года 20 сем’яў атрымалі ключы ад новых дамоў на ўзведзенай вуліцы, якая атрымала назву Маладзёжная. Яшчэ ў пачатку будоўлі многім не верылася, што на балоцістым месцы, зарослым хмызняком, вырастуць новыя катэджы, каб стаць упрыгожаннем пасёлка. Першымі гаспадарамі новых дамоў на Маладзёжнай сталі сем’і Пяткевічаў, Ардынскіх, Лапо, Бунто, Арэх, Жарыкавых, Відун, Кадушкевічаў і іншыя.
Шмат задумак ставіў перад сабой у той час Аляксандр Аляксандравіч Баговіч па паляпшэнні дабрабыту жыхароў Радзюкоў. У планах было ўзвядзенне новых будынкаў базавай школы і Дома культуры. Але, на жаль, жыццё ўнесла свае карэктывы. Удзячныя вяскоўцы ў памяць пра Аляксандра Аляксандравіча вырашылі перайменаваць вуліцу Маладзёжную ў імя яе заснавальніка.
— Было гэта ў самым пачатку 1998 года, — успамінае жыхар Радзюкоў, былы галоўны аграном саўгаса імя Маркава Васілій Чорны. — Тады я сам асабіста хадзіў да гаспадароў кожнай сядзібы, каб узяць пісьмовую згоду на перайменаванне вуліцы. А 9 красавіка 1998 года на 12-й сесіі Радзюкоўскага сельскага Савета дэпутатаў было прынята рашэнне, у якім прапісана, што ў сувязі з аднагалоснай згодай жыхароў дадзенай вуліцы і са значнымі працоўнымі дасягненнямі былога дырэктара саўгаса імя Маркава Аляксандра Аляксандравіча Баговіча, перайменаваць вуліцу Маладзёжную ў вуліцу імя Баговіча.
Канечне, 30 год не вялікі адрэзак часу і не нагода для ўрачыстага святкавання юбілею вуліцы. Галоўнае тут, што яе жыхары захавалі добрую памяць пра чалавека, які больш дваццаці год працоўнай дзейнасці прысвяціў сельскай гаспадарцы, стварэнню належных умоў для пражывання сваіх аднавяскоўцаў, прыклаў шмат намаганняў, каб Радзюкі мелі прыгожы, дагледжаны від.
Сяргей РАЙЧОНАК.

прыгожа выглядае сядзіба Васіля і Ганны Сучковых
прыгожа выглядае сядзіба Васіля і Ганны Сучковых
Нядаўна ўзведзеныя дамы ў межах праграмы адраджэння і развіцця сяла
Нядаўна ўзведзеныя дамы ў межах праграмы адраджэння і развіцця сяла


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *