
Мы ўжо расказалі, чым закончыўся турнір па пляжным валейболе сярод жанчын, цяпер падвядзём вынікі ў дадзеным спаборніцтве сярод мужчын. У ім удзельнічалі 15 каманд, сустрэчы расцягнуліся на месяц, з 27 ліпеня

па 26 жніўня. У заяўку ад адной каманды магло падавацца 6 чалавек. Усе каманды былі падзелены на дзве групы, у якіх яны гулялі паміж сабой па кругавой сістэме. У выніку тыя дзве каманды, што занялі ў сваіх групах два першыя месцы, выходзілі ў фінал і ўжо там вызначалі ў сустрэчах паміж сабой мацнейшага. На пляж па вуліцы Вадап’янава, на валейбольнай пляцоўцы якога і праходзілі спаборніцтвы, падыходжу 26 жніўня ў час завяршальнай сустрэчы паміж камандамі ДРБУ-131(Міхаіл Ліпскі, Ігар

Бабоўскі) і ПМК-68 (Аляксей Курачонак, Аляксандр Фоцін). Сілы сапернікаў роўныя, ніхто саступаць не жадае, і таму на пляцоўцы ідзе цікавая бескампрамісная барацьба, дзе важнае кожнае ачко. У гульні хапае яркіх прыгожых розыгрышаў, якія вартыя захаплення і апладысментаў.
— Заўсёды ў вас тут была такая ўпартая барацьба?— пытаюся ў галоўнага суддзі спаборніцтваў Ігара Афанасьевіча Іванова.
— Практычна заўсёды, — адказвае ён. — Турнір працягваўся доўга, было шмат сустрэч, удзельнікі на працягу месяца мелі пастаянную гульнёвую практыку, і можна было бачыць, як нават за час турніру павысіўся іх узровень. Вельмі часта для таго, каб высветліць мацнейшага, патрабавалася трэцяя рашаючая партыя.

Спатрэбілася яна і на гэты раз. У выніку ва ўпартай барацьбе перамогу ўсё ж вырывае каманда ДРБУ-131. Хлопцы, а гэта ўзгаданыя вышэй Міхаіл Ліпскі, Ігар Бабоўскі, а таксама Дзмітрый Зеляпужын і становяцца пераможцамі доўгага валейбольнага марафону. І праз некалькі хвілін атрымліваюць заслужаныя залатыя ўзнагароды. На другім месцы каманда райгазу ў складзе Юрыя Жынгеля, Аляксандра Гінько, Яўгена Фядотава і Антона Макаранкі, на трэцім — каманда «Сюрпрыз» (Казімір Кленічаў, Мікалай Ананіч).
Андрэй БУРЭЦ
