
Традыцыйны народны касцюм з’яўляецца адным з галоўных кампанентаў, па якім вывучаецца адметнасць культурнай прасторы той або іншай мясцовасці. У ім спалучаюцца розныя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: ткацтва, вышыўка, лямец, вязанне і іншыя.
У мінулым годзе праз раённую газету супрацоўнікі Цэнтра рамёстваў звярталіся да жыхароў Шаркаўшчынскага раёна з просьбай аказаць дапамогу па зборы гістарычнай інфармацыі пра строй, які бытаваў на тэрыторыі нашага раёна. Адгукнулася шмат людзей. З кожным мы сустрэліся асабіста. Мноства матэрыялаў нашаму Цэнтру прадаставілі загадчык Жукоўшчынскага сельскага клуба Надзея Кіраенка, жыхары гарадскога пасёлка Алена Ліпская, Леанід Буйка, Антаніна Курачонак. Ганна Вішнеўская, якая пражывае ў вёсцы Вялікія Грыдзюшкі, перадала ў фонд установы вышываныя ручнікі, аздобленыя карункамі, узор якіх выкарыстоўваўся для ўпрыгожвання святочнага адзення на фартухах і кашулях.
Метадыст па ткацтве Дома ганчара Ганна Рымдзёнак правяла пошукавую работу па населеных пунктах Германавіцкага сельскага Савета. У вёсцы Крапіўнікі шмат карыснай інфармацыі ёй паведамілі Леанціна Навіцкая і Алена Бондар, у вёсцы Каралева — Фаіна Пазняк. Яны расказалі, як апраналіся іх маці і бабулі, паказалі даматканыя вырабы, зробленыя іх рукамі, падзяліліся некаторымі сакрэтамі ткацкага рамяства. Ганна Рымдзёнак і Ірына Груніна (метадыст Цэнтра рамёстваў) дасканала вывучалі дэталі народнага касцюма, які знаходзіцца ў запасніках Германавіцкага музея культуры і быту. Так паступова, па крупінках, складаўся агульны вобраз шаркаўшчынскага строю. Напрацаваны матэрыял намі быў дасланы ў Віцебскі абласны метадычны Цэнтр народнай творчасці для далейшага навуковага вывучэння і зацвярджэння эскізаў. Дадатковыя рэкамендацыі па вырабе строя дала кандыдат мастацтвазнаўства Людміла Вакар. Пасля гэтага пачалася праца па вырабу адзення. Палатно для спадніцы, фартуха і гарсэта выткала на кроснах Ганна Рымдзёнак, а шыла строй Ірына Груніна.
Вынікам гэтай працы стаў удзел 28 лістапада ў абласным свяце-конкурсе народнага касцюма “Сцяжкі майстэрства” ў г. Сянно. На мерапрыемстве ўдзельнікі з усіх раёнаў вобласці прадэманстравалі больш паўсотні традыцыйных вясковых, местачковых і шляхецкіх строяў Віцебшчыны. У межах свята-конкурсу адбыліся круглы стол па праблемах традыцыйнага касцюма, тэатралізаваная выстава, дэманстрацыя традыцыйных строяў і тэатралізаваны канцэрт.
Нашы майстры ўпершыню выступілі ў якасці артыстаў у тэатралізаваным канцэрце-прэзентацыі шаркаўшчынскага строю. Метадыст па фальклоры раённага Цэнтра культуры Алёна Сухаверская дапамагла нам саставіць сцэнарый святочнай праграмы “Вечарына на Піліпаўку”. Ганна Рымдзёнак, якая выконвала ў тэатралізацыі ролю гаспадыні, была апранутая менавіта ў распрацаваны ёю і шаркаўшчынскімі майстрамі касцюм.
Пры падвядзенні вынікаў конкурсу журы прысудзіла нам трэцяе месца ў намінацыі “рэканструкцыя рэгіянальнага строю”. А ў якасці падарунка шаркаўчанам уручылі швейную машынку.
Свята прайшло, але праца над народным касцюмам яшчэ не завершана. Патрэбна адрадзіць мужчынскі, дзіцячы, вясельны строй і шэраг іншых, характэрных для нашай мясцовасці. Карыстаючыся магчымасцю, яшчэ раз звяртаемся да жыхароў раёна аказаць дапамогу ў пошуку гістарычных матэрыялаў (фотаздымкаў, узораў карункаў, вышываных ручнікоў, кашуль). Любая інфармацыя будзе дасканала вывучана майстрамі Цэнтра рамёстваў, каб у будучым скарыстаць яе ў вырабе шаркаўшчынскага строю.
В. ДУБОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара раённага Цэнтра культуры.