
Зрабіць шчаслівым увесь свет задача надта няпростая, а вось ашчаслівіць і падарыць радасць дзіцяці можа любы з нас. Калі б кожны паспрабаваў дапамагчы хаця б аднаму абяздоленаму, тады і агульная задача была б вырашана. Адміністрацыя і прафсаюзная арганізацыя ўстановы аховы здароўя «Шаркаўшчынская ЦРБ» робяць усё, што ў іх сілах, і, як аказалася, гэта сіла можа аб’яднаць многіх. Вось і 1-га верасня, ужо трэці раз за год, медыцынскія работнікі наведалі сацыяльны прытулак для непаўналетніх, каб павіншаваць яго выхаванцаў з Днём ведаў. Дзеці атрымалі ў падарунак канцылярскія прыналежнасці, неабходныя для вучобы. Дапамаглі арганізаваць салодкі стол — прывезлі з сабой торт, цукеркі, кавун, сок. Правялі невялікую тэатралізаваную гульню, дзе ў кожнага дзіцяці была свая роля. Таксама ім трэба было адказаць на пытанні жартоўнай віктарыны. Хлопчыкі і дзяўчынкі актыўна ўдзельнічалі ў свяце. Развітваючыся, мы пажадалі дзецям здароўя, усмешак, добрых адзнак у школе, а галоўнае, каб усе іх мары і жаданні здзейсніліся.
Трэба адзначыць, што не забываюць у нашай установе і пра сваіх работнікаў, якім патрэбна дапамога. Адміністрацыяй і прафкамам да пачатку навучальнага года была аказана матэрыяльная дапамога у памеры 5,5 мільёнаў рублёў шматдзетным сем’ям, малазабяспечаным, сем’ям з дзецьмі-інвалідамі.
А. КУРЫЛОВІЧ,
медстатыстык паліклінікі
