Міжнародны экалагічны кангрэс «Сябры запаведных астравоў»

Актуальное

301У лістападзе ў Варонежы адбыўся Міжнародны маладзёжны экалагічны кангрэс «Сябры запаведных астравоў», прысвечаны набліжэнню стагоддзя запаведнай сістэмы Расіі. Ён быў арганізаваны ЭкаЦэнтрам «Запаведнікі» і дэпартаментам прыродных рэсурсаў і экалогіі Варонежскай вобласці ў рамках праекта Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельнікаў СНГ. Мерапрыемства падтрымала Мінпрыроды Расіі. Дэлегатамі ад Беларусі на кангрэсе былі ўдзельнікі школьнага экалагічнага клуба Германавіцкай СШ нашага раёна Анжэла Свілёнак, Аляксандр Фёдараў і кіраўнік клуба Марына Аляксандраўна Фёдарава, якія прадстаўлялі каманду грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і абаранялі праект «Юныя захавальнікі Ельні». Беларусь прадстаўляў дырэктар Рэспубліканскага дзяржаўнага ландшафтнага заказніка «Ельня» Іван Іванавіч Барок.
На кангрэс з’ехаліся каманды з 24 рэгіёнаў Расіі і 4 краін СНГ (Азербайджан, Узбекістан, Казахстан і Беларусь). Дарослыя і дзеці расказвалі, якую дзейнасць ажыцяўляюць на ахоўваемых тэрыторыях, прадстаўлялі на выставе свае працы. Для ўсіх удзельнікаў прапаноўваліся майстар-класы, тэматычныя квэсты, інтэрактыўныя ўрокі. Свае веды можна было паказаць, удзельнічаючы ў дзясятках экалагічных гульняў і турніраў, а свае таленты прадэманстраваць на музычным прадстаўленні.
Анжэла Свілёнак (вучаніца 10 класа, юны захавальнік “Балота Ельня”):
— Я засталася вельмі задаволена паездкай! Хачу выказаць вялікую ўдзячнасць арганізатарам. Гэты маладзёжны кангрэс сабраў для агульнай справы юнакоў і дзяўчат з розных краін. Яго праграма была вельмі насычанай: фестываль песень і танцаў, лекцыі, семінары, экскурсія па горадзе Варонеж, майстар-класы. Часу для адпачынку амаль не было. Тут я знайшла новых сяброў. У мяне засталося шмат прыемных уражанняў. Спадзяюся, што такія мерапрыемствы будуць праводзіцца і надалей.
Аляксандр Фёдараў (вучань 11 класа, юны захавальнік “Балота Ельня”):
— Упершыню мне давялося ўдзельнічаць у мерапрыемствах такога вялікага маштабу. Толькі яркія, незабыўныя ўспаміны засталіся ў памяці. Захапляльным і пазнавальным было падарожжа па Варонежскім дзяржаўным біясферным запаведніку. Спадабаўся бабранарыум, экалагічная сцяжынка, турыстычны маршрут, экалагічны квэст. Было ўсё цудоўна арганізавана: харчаванне, пражыванне, заняткі і гульнёвая праграма. Вельмі хацелася б праз год сустрэцца з новымі сябрамі на экалагічным мерапрыемстве. Удзел у ім паказаў, што справа захавання прыроды не пакідае абыякавымі сучасных школьнікаў. А гэта азначае, што запаведныя тэрыторыі будуць жыць, існаваць і ўпрыгожваць наш агульны дом.
Марына Аляксандраўна Фёдарава (настаўнік біялогіі, кіраўнік клуба “Крылаты дазор”, захавальнік “Балота Ельня”):
— Нам прадставілася ўнікальная магчымасць расказаць пра таямнічы, прыгожы куточак нашай радзімы — рэспубліканскі ландшафтны біясферны заказнік “Ельня”, пра дзейнасць захавальнікаў балота. Шмат прыемных уражанняў выклікаў кангрэс. Новыя знаёмствы, экалагічная адукацыя, абмен думкамі, творчыя майстэрні. Па дарозе да дому думалася пра ўзнятыя на кангрэсе пытанні: як дапамагчы калмыцкаму школьнаму клубу “Живое наследие”? Якія акцыі могуць правесці беларускія школьнікі ў падтрымку знікаючага сайгака ў Калмыкіі і Узбекістане? Якімі мерапрыемствамі ў Беларусі адзначыць стогадовы юбілей запаведнага руху Расіі? Узніклі ідэі пра сумеснае правядзенне школьнага экалагічнага фестывалю юнымі захавальнікамі “Ельні” і сябрамі “Смаленскага паазер’я”, летняга аздараўленчага лагера для школьнікаў каля заказніка “Ельня”. Хочацца выказаць словы шчырай ўдзячнасці супрацоўнікам грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Аляксандру Яўгеньевічу Вінчэўскаму і Вользе Уладзіміраўне Лукшыц за магчымасць паўдзельнічаць у міжнародным экалагічным маладзёжным кангрэсе ў Варонежы.
Алена АНАНІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *